Сапраўдны драўляны народ жыве ў вёсцы Стойлы Пружанскага раёна. Стварыў незвычайнае пасяленне беларускі майстар, мясцовы жыхар Мікола Тарасюк. Міліцыянеры, самагоншчыкі, вайскоўцы, чыноўнікі, паляўнічыя і нават анёл-прэзідэнт – усё гэта насельніцтва музея "Успаміны Бацькаўшчыны".
Нарадзіўся разьбяр на хутары Сулупы 8 мая 1932 года і пражыў усё жыццё ў гэтых мясцінах: разам з жонкай Надзеяй выгадаваў дзвюх дачок і сына, дачакаўся ўнукаў і праўнукаў. Мясцовыя жыхары памятаюць яго як добрага працаўніка, выдатнага гаспадара, паляўнічага і рыбалова.
У савецкія часы мастацтва Тарасюка мала хто заўважаў і ўсхваляў. Называлі нават самазванцам. Ацанілі потым, ды так, што майстар нават стаў лаўрэатам прэміі прэзідэнта "За духоўнае адраджэнне" і атрымаў грамадскі ордэн "За вернасць Бацькаўшчыне". Замежнікі даведаліся пра жыццё і творчасць беларускага майстра, дзякуючы фільму беларускага рэжысёра Віктара Аслюка "Драўляны народ".
Музей "Успаміны Бацькаўшчыны" з’явіўся ў панадворку Міколы Тарасюка ў 1993-1994 гадах. На сплеценых з сасновага кораня падстаўках – фігуркі, якія ўтвараюць сюжэты пра чалавечае жыццё. Маленькія чалавечкі хварэюць і лечацца, танчаць і збіраюць грыбы, плачуць і хуліганяць.
14 мая 2015 года майстар памёр, але яго драўляны народ жыве і дагэтуль, а паглядзець на яго прыязджаюць не толькі беларусы, але і замежныя госці.