Новы рэйтынг WTA: дзе размясціліся беларускія тэнісісткі

Арына Сабаленка і Вікторыя Азаранка апошнія два тыдні выступалі на турнірах у Катары і Дубаі - і абедзьве не адолелі іспанку Гарбін’е Мугурусу.
Sputnik

МІНСК, 15 сак – Sputnik. Выйшаў новы тэнісны рэйтынг Жаночай тэніснай асацыяцыі (WTA), у ім беларуска Арына Сабаленка засталася на 8-й пазіцыі, як і некалькі тыдняў таму.

На мінулым тыдні спартсменка дайшла да 1/4 фіналу на турніры ў Дубаі, дзе саступіла Мугурусе. Да гэтага тэнісісткі сустракаліся ў Катары ў 1/8, і там таксама мацнейшай была іспанка.

Пасля перамогі над Сабаленкай у Катары Гарбін’е павінна была выступіць з Азаранкай ў паўфінале, але беларуска знялася са спаборніцтваў з-за траўмы спіны. У Дубаі Вікторыя не выступала, з-за гэтага яна страціла адну пазіцыю ў сусветным рэйтынгу, апусціўшыся з 14-га на 15-ы радок. Зараз у яе актыве 3665 ачкоў.

Яшчэ адна беларуска Аляксандра Сасновіч таксама страціла адну пазіцыю і займае цяпер 97-е месца, у Вольгі Гаварцовай 140-ы радок, Вера Лапко на 281-м месцы.

Топ-3 застаўся без змяненняў: лідзіруе аўстралійка Эшлі Барці, за ёй японка Наомі Осака, на трэцім радку румынка Сімона Халеп.

Чытайце таксама: