18 сакавіка 1899 года ў Сімферопалі нарадзіўся адзін з родапачынальнікаў савецкай рэпартажнай фатаграфіі Макс Альперт. Пачынаў працаваць у фотаатэлье ў Адэсе, потым пераехаў у Маскву і здымаў для "Рабочей газеты". Быў прыняты ў асацыяцыю фотарэпарцёраў, новае пакаленне якой галоўнай задачай бачыла аб'ектыўную падачу матэрыялу, без рэтушы - так, каб глядач мог адчуць тую ці іншую падзею.
У 1930-я гады працаваў у часопісе "СССР на стройке" і яму пашчасціла ўбачыць самыя знамянальныя для ўсёй краіны будаўніцтвы: завода ў Магнітагорску, пракладку Туркестан-Сібірскай магістралі, Вялікага Ферганскага канала. На гэтых кадрах захаваны манументальны вобраз героя-будаўніка, які ўвасабляе маладую і моцную краіну. Фатаграфіі Альперта адрозніваюцца маштабнасцю, глыбінёй перспектывы, кантрасным супастаўленнем буйных фігур на пярэднім плане і грандыёзных рукатворных збудаванняў на заднім.
Будучы карэспандэнтам ТАСС і "Саўінфармбюро" падчас Вялікай Айчыннай вайны, Альперт часта выязджаў на фронт, рабіў фатаграфіі прама на поле бою. Самы вядомы здымак "Камбат" стаў сімвалам подзвігу і гераізму. Як пісалі крытыкі, калі б Альперт зрабіў толькі гэтую працу, то і тады яго імя назаўжды засталося б у гісторыі савецкай дакументальнай фатаграфіі.
Пасля вайны Альперт працягваў працу ў агенцтве друку "Новости" да самай смерці ў 1980 годзе, пакінуўшы мноства выдатных фотаработ савецкага жыцця.