МІНСК, 26 сак – Sputnik. Супрацоўнікі МУС знайшлі чалавека, які рыхтаваў тэрарыстычны акт і перадалі яго КДБ, заявіў прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў Палацы Незалежнасці ў час сустрэчы з дзяржаўным сакратаром Саюзнай дзяржавы Дзмітрыем Мезенцавым.
Паводле яго слоў, учора ў краіне апазіцыя адзначала Дзень волі. Пры гэтым улады спакойна ставіліся да апазіцыі, калі яна яго святкавала ў ранейшыя гады.
"Ну, хадзілі яны там па вызначаным маршруце. Але вы ж ведаеце, што ўчора быў асаблівы у іх такі настрой, каб паспрабаваць пачаць разгойдваць або разгайдаць абстаноўку. Вясна жа надыходзіць...", - выказаў меркаванне беларускі лідэр.
Пры гэтым ён запэўніў суразмоўца, што ўлады манітораць усю інфармацыю, у тым ліку, і ў інтэрнэце. "Мы ведаем, чым яны там займаюцца. Адзін пасыл: мала людзей (людзей амаль не было), беларусы такія-сякія і іншае".
Заклік улад да парадку
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што аналізуе сітуацыю і лічыць, што сярод пратэстоўцаў нямала аблудных людзей. Яны бачаць, што беларусы, якія з'ехалі ў Вільнюс, Варшаву і Кіеў, селі на фінансаванне.
"Праўда, 53 мільёны ніхто так і не даў, як абяцалі там. Нешта даюць, але там не хапае ім. І яны адтуль, вы бачыце, усе патрабуюць, каб нашы гэтыя пратэстуны вывальвалі на вуліцы і расхіствалі рэжым Лукашэнкі. Хтосьці там паспрабаваў, своечасова заклікалі да парадку", - сказаў ён.
Пасля чаго дадаў, што прадстаўнікі апазіцыі напярэдадні папярэджвалі беларусаў, што ўлады рыхтуюць правакацыі і хочуць нешта падарваць.
"Мяне гэта насцярожыла, у нас вопыт ёсць. Калі пра гэта загаварылі, глядзі ва ўсе акуляры. І што вы думаеце? Малайцы міліцыянеры, Карпянкова былая служба (ГУБАЗіК - Sputnik), выявілі нягодніка!" - распавёў падрабязнасці кіраўнік дзяржавы.
Абвінавацілі б у тэроры ўладу
Пры гэтым ён удакладніў, што ў сметніцу была закладзена выбухоўка, якая ў выпадку выбуху за кошт металу і бетону прывяла б да велізарных паражэнняў.
"І яны (супрацоўнікі МУС - Sputnik) выявілі яго загадзя, вялі. Заклаў выбухоўку - следам сапёры прыйшлі, абясшкодзілі. І пачалі яго весці далей. Паехаў у адну з вайсковых частак, яго там ўзялі, перадалі Камітэту дзяржбяспекі", - асабліва адзначыў Лукашэнка.
Паводле яго слоў, гэта не што іншае, як "тэрор! Ну ўявіце: ішлі б людзі, выбух - колькі б загінула людзей, колькі б пацярпела...".
У выніку ўсё звалілі б на беларускія ўлады, адзначыў кіраўнік МЗС Уладзімір Макей, які прысутнічаў на сустрэчы.
Беларусь ціснуць з усіх бакоў
Беларускі лідэр у сваю чаргу заявіў, што затрыманы сказаў, што такім чынам хацеў пакараць сілавікоў, як быццам яны б там ля урны стаялі. У цяперашні час улады фіксуюць усе сітуацыі, калі апаненты ўлады пераходзяць чырвоныя лініі.
"Таму вы павінны ведаць, як былы пасол і цяперашні дзяржаўны сакратар нашага аб'яднання: мы спуску нікому тут не дадзім, таму што можа быць горш", - звярнуў увагу Дзмітрыя Мезенцава прэзідэнт.
Пасля чаго пахваліў ФСБ Расіі за тое, як прадухіляюцца тэрарыстычныя акты і як адбываецца затрыманне людзей, якія маюць дачыненне да іх падрыхтоўкі.
"Таму бачыце, яны з усіх бакоў пачалі ціснуць. Ну а пасля гэтых дзікіх заяў прэзідэнта ЗША нам спадзявацца на тое, што спакойна жыць дадуць...", - панаракаў Аляксандр Лукашэнка.
"Спакайней не будзе", - адзначыў у адказ Дзмітрый Мезенцаў.
"Не, ніколі не будзе. Наадварот, нам трэба ў гэтым плане вуха трымаць востра", - падтрымаў беларускі лідэр.