Што паказала тэставая адмова краін Балтыі ад расійскай электрычнасці

Планавыя выпрабаванні энергасістэмы Беларусі з адключэннем трансгранічных ліній электраперадач на мяжы з Літвой, якія прайшлі 8 і 11 красавіка, сталі прыкметнай падзеяй, але не з-за сваіх вынікаў.
Sputnik

На мінулым тыдні Латвія і Літва ў рамках выпрабаванняў упершыню адмовіліся ад імпарту электраэнергіі з Расіі. Аднак наступствы двухдзённых адключэнняў апынуліся неадназначнымі - кошты на электрычнасць у краінах Балтыі рэзка выраслі, а цалкам адмовіцца ад расійскай электраэнергіі краіны так і не змаглі.

Больш падрабязна пра сумніўныя "вучэнні" краін Балтыі па выхадзе з БРЭЛЛ - у матэрыяле аглядальніка Sputnik Мікіты Чыкунова.

Нечаканая трэніроўка

Планавыя выпрабаванні энергасістэмы Беларусі з адключэннем трансгранічных ліній электраперадач на мяжы з Літвой, якія прайшлі 8 і 11 красавіка, сталі прыкметнай падзеяй, але не з-за сваіх вынікаў.

У гэтыя дні, паводле інфармацыі дасведчанай крыніцы расійскага выдання "Коммерсантъ", без тлумачэння прычын Латвія спыніла камерцыйны імпарт электраэнергіі з Расіі. На пытанне Sputnik пра тое, ці быў гэты крок абумоўлены тэхнічнай неабходнасцю, прадстаўнікі латвійскага сістэмнага аператара (AST) адказваць адмовіліся.

У выніку спынення ператокаў цана на электрычнасць у еўрапейскай часткі Расіі і на Урале 8 красавіка знізілася на 1%, склаўшы 1,37 тысячы расійскіх рублёў (46,71 беларускага рубля) за адзін МВт/г. Кошт электраэнергіі ў Прыбалтыцы, у сваю чаргу, прыкметна ўзрос: у Літве, вымушанай павялічыць закупкі з Польшчы і Швецыі, ён павысіўся на 4 еўра - да 51 еўра (160,29 беларускага рубля), удакладняў "Коммерсантъ".

Пры гэтым казаць аб поўнай адмове прыбалтыйскіх дзяржаў ад электраэнергіі з Расіі не зусім карэктна. Як паведамілі Sputnik у прэс-службе расійскага аператара экспарту электраэнергіі "Интер РАО", пастаўкі ў Літву з Калінінградскай вобласці 8 і 11 красавіка не спыняліся - у гэтую краіну традыцыйна працягвалі паступаць лішкі генерацыі рэгіёна.

Беларусь адключыла трансгранічныя лініі электраперадач з Літвой

Энергетычныя сістэмы Беларусі, Расіі, Эстоніі, Латвіі і Літвы (БРЭЛЛ) працуюць у сінхронным рэжыме яшчэ з савецкіх часоў, таму зараз паміж імі вольна праходзяць ператокі.

Да 2025 года краіны Балтыі маюць намер выйсці з энергакола БРЭЛЛ і сінхранізавацца з еўрапейскімі сеткамі, каб "здабыць энергетычную незалежнасць".

Па гэтай прычыне Расія і Беларусь сёння правяраюць устойлівасць сваіх энергасістэм. У 2019 годзе ў Калінінградскай вобласці прайшлі выпрабаванні энергасістэмы ў ізаляваным рэжыме, а на мінулым тыдні - тэставае адключэнне ЛЭП паміж Беларуссю і Літвой.

Па выніках выпрабаванняў расійскае і беларускае міністэрства энергетыкі паведамлялі пра тое, што ўсе праверкі завяршыліся паспяхова і энергасістэмы дзвюх краін з'яўляюцца ўстойлівымі. "Выпрабаванні прадэманстравалі тэхнічную магчымасць беларускай энергасістэмы працаваць без сувязей з літоўскай", - адзначаецца ў заяве беларускага Мінэнерга.

Энергадэфіцытны рэгіён

На дадзены момант прыбалтыйскія краіны не могуць цалкам забяспечыць свае патрэбнасці ў электраэнергіі і закупляюць яе ў суседніх краінах.

Літва, якая пакрывае больш за палову ўласных патрэб за кошт імпарту, атрымлівае расійскую і беларускую электрычнасць праз мяжу з Латвіяй (прыкладна 20% імпарту) і па энергамосце LitPol Link (намінальная магутнасць - 500 МВт) з Польшчы (каля 5%). Больш значныя па аб'ёме пастаўкі ў рэспубліку ідуць са Швецыі па энергамосце NordBalt (намінальная магутнасць - 700 МВт) - да 45% ад усяго імпарту, а таксама з Расіі (каля 30%).

Па дадзеных кампаніі "Интер РАО", у 2019 годзе ў Літву было пастаўлена 6,286 млрд кВт/г (са Смаленскай вобласці транзітам праз Беларусь - 3,8 млрд кВт/г, з Калінінградскай вобласці - 2,6 млрд кВт/г). Гэта крыху менш за палову ад спажытай у краіне ў 2019 годзе электраэнергіі.

Літва адзначае рост гандлю электраэнергіяй з Расіяй пасля пуску БелАЭС

У мінулым годзе расійскія пастаўкі скараціліся ў два разы - да 3,143 млрд кВт/г. Збольшага гэта звязана з тым, што літоўскі аператар Litgrid усталяваў нулявую прапускную здольнасць для ператоку электраэнергіі з Беларусі пасля падлучэння Беларускай АЭС да энергасістэмы БРЭЛЛ. Такім чынам, Літва працягвала гандаль толькі з Калінінградскай вобласцю.

Латвія, якая таксама атрымоўвае электраэнергію са скандынаўскіх краін, дазволіла прамыя пастаўкі з Расіі ў лістападзе 2020 года (у 2013-м сістэмныя аператары краін Балтыі выдзелілі толькі два сячэнні для расійскіх паставак: Калінінград - Літва і Беларусь - Літва - Sputnik). У студзені-лютым гэтага года "Интер РАО" прадала Латвіі 418 млн кВт/г. У расійскай кампаніі назвалі гэты паказчык рэкордным, звязаўшы яго з халоднай зімой і рэзкім ростам спажывання электрычнасці.

Свае патрэбнасці ў электраэнергіі Эстонія пакрывае за кошт паставак з Фінляндыі праз падводныя кабелі Estlink 1 і Estlink 2 (сумарная намінальная магутнасць - 1000 МВт). Скандынаўская краіна забяспечвае каля 60% ад эстонскага імпарту. Аднак надзейнасць паставак выклікае сумненні: з моманту свайго запуску ў 2014 годзе кабель Estlink 2 выходзіў з ладу двойчы. Доля расійскіх і беларускіх паставак нязначная - каля 3%, аднак яна павялічваецца ў выпадку праблем з фінскімі сеткамі.

Ненадзейныя альтэрнатывы

БРЭЛЛ забяспечвае краіны Балтыі надзейнымі магістралямі, якія гарантуюць пастаўкі электраэнергіі ў форс-мажорных абставінах, кажа вядучы аналітык расійскага Фонду нацыянальнай энергетычнай бяспекі Ігар Юшкоў.

Ёсць варыянты: куды на экспарт можа сысці энергія з БелАЭС

У той жа час, па словах эксперта, працаздольнасць энергамоста з еўрапейскімі дзяржавамі выклікае сумненні. Так, за першае паўгоддзе працы NordBalt на поўнай магутнасці адбылося дзесяць адключэнняў. Пасля гэтага энергамост пераключылі на меншую магутнасць.

"Шведскія пастаўкі ў Літву нестабільныя, паколькі ў скандынаваў пераважае гідраэнергетыка. Калі вады шмат - гідрастанцыя выпрацоўвае шмат электрычнасці і можа яе экспартаваць. У пікавыя перыяды шведская электрычнасць можа канкурыраваць з расійскай па цане. Але зімой выпрацоўка ГЭС у Швецыі падае - краіна з экспарцёра ператвараецца у імпарцёра. У мінулым годзе шведы куплялі электрычнасць ў Літвы, а тыя - у Расіі. Мы выконваем фундаментальную ролю - забяспечваем надзейнасць і бесперабойнасць паставак", - працягвае эксперт.

Праведзеныя выпрабаванні наглядна паказалі і тое, што выхад з БРЭЛЛ імгненна павысіць кошт электраэнергіі ў краінах Балтыі (сярэдні кошт 1 тыс кВт/г на расійскім аптовым энергарынку - 20-25 еўра, на скандынаўскім энергарынку Nordpool - звыш 40 еўра - Sputnik).

У Латвіі, Літве і Эстоніі гэта выдатна разумеюць, аднак заявамі аб хуткім выхадзе з энергакола спрабуюць дамагчыся фінансавання ад ЕС, мяркуе Ігар Юшкоў.

"Адцягваючы свой выхад з БРЭЛЛ, прыбалты могуць выманьваць ў Еўрасаюза грошы на будаўніцтва новай інфраструктуры. Трэба ўлічваць яшчэ і тое, што сам па сабе гэты крок не азначае поўнай адмовы ад імпарту расійскай электрычнасці. Проста не будзе аўтаматычных ператокаў - трэба будзе асобна дамаўляцца. Сістэма ўзаемадзеяння памяняецца, але не факт, што Расія пойдзе з прыбалтыйскага рынку", - падкрэслівае суразмоўца.

У цэлым выхад з БРЭЛЛ не прынясе краінам Балтыі ніякіх эканамічных выгад, лічыць дырэктар Фонду энергетычнага развіцця Сяргей Пікін.

"Жыць у БРЭЛЛ выгадна і тэхнічна, і эканамічна. Усе энергетыкі, а не палітыкі, гэта пацвярджаюць. Лішкі вырабленай электраэнергіі можна аператыўна перакідваць паміж краінамі, уводзіць больш эканамічныя рэжымы працы электрастанцый. У Прыбалтыку паступае больш танная энергія, у параўнанні з еўрапейскай. Калі краіны захочуць - будуць купляць задорага ў Еўропы, калі не захочуць - у Расіі і Беларусі", - заключае ён.

Адмова ад электрычнасці з Беларусі і РФ пагражае Балтыі "блэкаутам" - эксперт

Нагадаем, адмова ад паставак электрычнасці з Расіі і Беларусі прывяла краіны Балтыі да сур'ёзнага росту цэн на электраэнергію, як толькі ў мінулым годзе прыйшла халодная зіма. Так, у студзені 2021 года аптовая цана на электраэнергію падскочыла ў Эстоніі і Латвіі на 35% (да 53,38 еўра за МВт/г), у Літве - на 36% (да 53,69 еўра).

Як раней у гутарцы з Baltnews адзначаў старшы навуковы супрацоўнік Цэнтра еўрапейскіх даследаванняў ІСЭМА РАН Уладзімір Аленчанка, БРЭЛЛ для балтыйскіх краін добра тым, што з'яўляецца ідэальнай рэзервовай крыніцай энергіі, калі ў Эстоніі, Літве ці Латвіі раптам рэзка ўзрастае попыт.

"Дапусцім, адбыўся нейкі збой ці моцнае пахаладанне. У такім выпадку падача электрычнасці з энергакола пачынае паступаць у Прыбалтыку літаральна на працягу 10 секунд, - распавёў эксперт. - Больш за тое, кошт энергіі з БРЭЛЛ адчувальна ніжэй для краін гэтага рэгіёна, чым у выпадку з пастаўкамі з ЕС. Для параўнання: электрычнасць, якая паступае ў Эстонію з магістралі, куды "уключаны" Расія і Беларусь, на 19% танней, чым калі б закупка паходзіла з Паўночнай Еўропы".