МІНСК, 5 тра - Sputnik. Палацава-паркавы ансамбль Рдултоўскіх, які знаходзіцца ў аграгарадку Сноў Нясвіжскага раёна, плануюць прадаць за 278 тысяч долараў. Купіць яго можа хто заўгодна, распавялі Sputnik у Нясвіжскім райвыканкаме.
Гэта другая спроба вылучэння будынка на аўкцыён. Першапачаткова яго ацанілі ў 2,5 млн рублёў (дэнамінаваных) і спрабавалі прадаць на таргах у 2015 годзе. Але няўдала - пакупнікоў не знайшлося.
"Там было 46 га - вялікая зямельная нагрузка, вялікі падатак на зямлю, яе трэба абслугоўваць. Інвестарам столькі зямлі не трэба было", - растлумачыў начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Аляксандр Круглік.
Пасля гэтага амаль 35 га ўлады перадалі мясцоваму агракамбінату для ўключэння ў сельгасабарот. А цяпер цэннік на палац ўсталявалі такі - каля 715 000 рублёў (каля 278 600 долараў - Sputnik). "Інстытут нерухомасці і ацэнкі і спецыялісты Мінкульта праводзяць экспертызу канчатковай ацэнкі будынка", - удакладніў Круглік.
Палац Рдултоўскіх пустуе з 2014 года. Да гэтага тут знаходзіўся ваенны шпіталь пагранічных войскаў. Былы асабняк у добрым стане, "не згнілы і не кінуты". Яго знешні выгляд практычна не змяніўся з дня пабудовы ў 1825 годзе, а вось убранне было параскрадана падчас Першай сусветнай. Зараз за будынкам сочаць мясцовыя камунальнікі, яно знаходзіцца на балансе Нясвіжскага райвыканкама.
Што будзе ў палацы, пакуль не вядома - яго мэтавае прызначэнне будучы пакупнік узгодниць з мясцовай уладай. Аднак, па словах Кругліка, аб'ект будзе для грамадскага карыстання.
"Гісторыка-культурную каштоўнасць ніхто не купляе пад прамысловасць, хутчэй за ўсё, гэта будзе аб'ект турыстычнага, гасцінічнага або рэстараннага бізнесу", - адзначыў суразмоўца.
Аграгарадок Сноў называюць "вёскай будучыні", паколькі гэта адно з нямногіх мястэчак у Беларусі, якое блізка да гэтага канцэпту. Гаворка пра сацыяльныя даброты - школы, дзіцячыя садкі, бальніцы, крамы, забаўляльныя, спартыўныя і іншых установа - якія знаходзяцца ў крокавай даступнасці ў вёсцы.
Чытайце таксама: