Пенсіянер з Гомеля: праект "Ты супер! 60+" выконвае дзіцячую мару

На тэлеканале НТБ стартуе новы музычны праект "Ты супер! 60+". У шоў прымуць удзел таленавітыя людзі ва ўзросце ад 60 гадоў, якія засталіся без падтрымкі родных і блізкіх.
Sputnik
Сярод 45 канкурсантаў чацвёра - з Беларусі. Карэспандэнт Sputnik Марыя Навуменка пагутарыла з удзельнікам праекта з Гомеля 68-гадовым Аляксеем Іванавічам Хазеевым і даведалася, адкуль у яго ўзнікла любоў да музыкі.

Душой адчуў, што трэба спяваць

Аляксей Іванавіч на "Ты супер!" рэалізуе мару дзяцінства - праспяваць на вялікай сцэне.
"Я нарадзіўся ў невялікай вёсачцы ў Гомельскай вобласці. З дзяцінства з заміраннем сэрца слухаў музыку, вучыў папулярныя ў тыя гады песні Мусліма Магамаева, Мікалая Сліченкі. І, вядома ж, уяўляў, як я выступаю на сцэне, а побач грае аркестр", - прызнаецца ён.
Аляксей Іванавіч скончыў тэхнікум у Гомелі, пяць гадоў служыў на касмадроме Плесецк ў Архангельскай вобласці, а затым больш за 20 гадоў прапрацаваў на Гомсельмашы - займаўся выпускам збожжа- і кормаўборачных камбайнаў.
"Я ганаруся тым, што камбайны ў палях - гэта вынік маёй працы. А спяваў я заўсёды для сябе, на хатніх вячорках. Калісьці тэхнолаг ў цэху мне сказаў: "Не тут табе трэба працаваць, ты павінен быць на сцэне!", - успамінае Хазееў.
Вось і адправіўся Аляксей Іванавіч на сцэну, калі выйшаў на пенсію.
"Я душой адчуў, як быццам мне Бог сказаў: "Ідзі і спявай". І я прыйшоў у мясцовы хор і стаў там салістам", - распавядае суразмоўца Sputnik.
"Калі ў гледачоў гараць вочы - гэта так натхняе. Калі слухач атрымлівае задавальненне - гэта шчасце для артыста. Калі ў мяне гэта атрымаецца тут, на праекце, то я буду вельмі рады", - дадае ён.
На пытанне "Ці жадае перамогі ў конкурсе?" у Аляксея Іванавіча філасофскі адказ: "Які салдат не марыць стаць генералам, а як складзецца - час пакажа!".

Аб праекце "Ты супер! 60+"

Участник "Ты супер! 60+" Алексей Иванович Хозеев
Удзельнік "Ты супер! 60+" Аляксей Іванавіч Хазееў
Адправіць заяўку на ўдзел у шоў мог любы чалавек, які пазбаўлены падтрымкі самых блізкіх сваякоў - дзяцей, унукаў, ва ўзросце ад 60 гадоў з Расіі і краін СНД. Кастынг праекта ўжо завершаны. У першым сезоне новага шоў возьмуць удзел 45 канкурсантаў: самаму маладому - 60 гадоў, а самаму сталаму - 87. Сярод іх - палкоўнік МУС у адстаўцы, урач-оталарынголаг, ткачыхі, хімікі, хатнія гаспадыні і прадстаўнікі іншых прафесій, а таксама прафесійныя музыкі, сярод якіх ёсць тыя, хто спяваў у хоры Марыінскага тэатра і тыя, хто скончыў кансерваторыю і РАМ ім.Гнесіных.
Правілы праекта простыя: у кожным выпуску на сцэну будуць выходзіць ўдзельнікі і выконваць кампазіцыі. У зону чакання пройдуць тыя, хто атрымае тры ці чатыры "так" ад членаў журы: калі ніхто з іх не націсне на зялёную кнопку або націсне ўсяго адзін, а таксама калі галасы падзеляцца 2/2, то удзельнік пакідае праект. У фінале кожнай праграмы журы назаве імёны тых, хто праходзіць далей. Конкурс будзе складацца з двух этапаў: адборачны тур і фінал.
Вядучымі праекта стануць Вадзім Такмянёў і Анастасія Пак. Імёны членаў журы будуць абвешчаныя пазней.
"Ты супер! 60+" будзе праводзіцца тэлеканалам НТБ сумесна з Міжнародным інфармацыйным агенцтвам і радыё Sputnik.