МІНСК, 20 тра - Sputnik. У Беларусі з пачатку года зарэгістравана больш за 100 выпадкаў лайм-барэліёзу, паведамілі ў Рэспубліканскім цэнтры гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.
Ва ўстановы аховы здароўя краіны звярнулася больш за тысячу чалавек, укушаных кляшчамі. Першыя пацярпелыя ад укусаў кляшчоў прыйшлі на прыём да ўрачоў ужо ў сакавіку.
Спецыялісты адзначаюць, што кожны год па рэспубліцы фіксуецца каля двух тысяч выпадкаў захворванняў лайм-барэліёзу і больш за 100 выпадкаў - на клешчавы энцэфаліт.
А вынікі лабараторных даследаванняў за 2020 год паказалі, што кожны чацвёрты крывасмок заражаны бактэрыямі бареліі. А амаль кожны дзесяты інфікаваны вірусам энцэфаліту.
Спецыялісты адзначаюць, што самая надзейная абарона ад клешчавога энцэфаліту - гэта прышчэпка, а ад лайм-барэліёзу вакцыны пакуль не вынайшлі.
Як пазбегнуць ўкусу кляшча
Каб пазбегнуць укусаў кляшчоў медыкі раяць насіць вопратку, якая закрывае ўсе ўчасткі цела, і галаўныя ўборы, ужываць рэпялентныя сродкі для апрацоўкі верхняга адзення, праводзіць самаагляд пасля знаходжання ў лесе.
Пры выяўленні кляшча на целе неабходна звярнуцца ў бліжэйшую арганізацыю аховы здароўя, дзе спецыялісты яго выдаляць.
Калі здабываць крывасмока самастойна, важна даставаць яго цалкам. Месца ўкусу трэба апрацаваць спіртавым растворам. А пасля звярнуцца ў паліклініку для праходжання прафілактычнага лячэння ад лайм-барэліёзу.
Клешч - больш небяспечны, энцэфаліт - цяжэйшы
Як раней адзначалі спецыялісты ў галіне аховы здароўя, нягледзячы на тое, што ў краіне часцей сустракаецца заходні варыянт клешчавога энцэфаліту, які лягчэй пераносіцца чалавекам, ёсць і выпадкі заражэння усходнім тыпам, больш небяспечным. Яго заносяць з усходу пералётныя птушкі. Ёсць і выпадкі інваліднасці пасля перанесенага захворвання.
Кляшчы "прачынаюцца" у Беларусі ранняй вясной. У траўні-чэрвені іх колькасць дасягае піка, затым зніжаецца і ў жніўні-верасні пачынаецца другі пік.
У Беларусі зарэгістравана 12 відаў кляшчоў. Яны пераносяць 9 відаў інфекцыйных захворванняў, але самыя частыя - лайм-барэліёз і клешчавы энцэфаліт.
Чытайце таксама: