Першы ў гісторыі Беларусі аніміраваны мюзікл прэзентавалі ў Мінску

У Доме кіно адбылася прэм'ера паўнаметражнага мультфільма рэжысёра Алены Туравай "Зоркі сёмага неба". Музычная казка разлічана на гледача любога ўзросту, хоць і стваралася для дзяцей.
Sputnik
Аўтары працавалі над праектам амаль пяць гадоў. У адпаведнасці з законамі жанру ў фільме, працягласць якога больш за 70 хвілін, гучыць 45 песень. Іх выконваюць беларускія акцёры. Пра гэта распавяла карэспандэнту Sputnik Алена Турава.

Светлая казка

"Зоркі сёмага неба" - гісторыя пра тое, як таленавіты вучоны з дапамогай створанага ім суперкамп’ютара абяцае ўсіх людзей зрабіць шчаслівымі. Але праз гэта вынаходніцтва ў рэальны свет прабіраецца страшны монстр. Ён закрывае зямлю шасцю паднябессямі. Людзі перастаюць бачыць зоркі, любіць і марыць. Тады феі адпраўляюцца на зямлю, каб знайсці сапраўднага летуценніка, які ўсіх выратуе.
На думку Туравай, усю казку пранізвае светлая думка, і, вядома, дабро перамагае.
"Галоўная ідэя карціны - не здолець знішчыць нейкае абстрактнае зло, а для пачатку перамагчы яго ў сабе. Нашы героі маюць магчымасць папрасіць у чароўнага партала аб выкананні толькі аднаго адзінага жадання. У кожнага яно сваё, індывідуальнае. Аднак просяць ўсе яны пра адно - каб зоркі вярнуліся да людзей", - распавяла Алена Турава.

Нацыянальны прадукт

"Мюзікл - яркая фантазійная карціна. Фішка яе ў тым, што гэта не проста першы ў Беларусі анімацыйны фільм. Гэта чыста беларускі нацыянальны прадукт, да праекту не прыцягваліся ніякія замежныя студыі", - адзначыла рэжысёр.
Паводле яе слоў, яшчэ адна асаблівасць - тое, што такіх анімацыйных мюзіклаў раней не было ў Беларусі. "Больш за тое, я нават не ўзгадаю расійскіх аналагаў. Успамінаюцца мультфільмы падобнага жанру з дзяцінства - "Брэменскія музыкі", "Лятучы карабель", "Блакітны шчанюк", - дадала яна.

Калектыўнае дзіцё

"Перад намі была пастаўлена задача - стварыць экраннае ўвасабленне кніжкі і пастаўленага раней спектакля", - распавяла аўтар.
Алена Турава лічыць, што мульцяшны поўны метр, які быў прадстаўлены сёння гледачам, - гэта "калектыўнае дзіця".
Спярша ствараецца гісторыя і сцэнар, потым ідзе чарнавая раскадроўка ў выглядзе коміксу. Першапачаткова ўсе малююць аніматары. Толькі потым ужо дадаецца камп’ютарная апрацоўка.
Фота
Сустрэча на Сёмуху: як прайшоў абрад "Ваджэнне Кусты"
"Акцёр грае ролю малюнкам. Гэтаму трэба доўга вучыцца, набіваць руку. У нас былі задзейнічаны акцёры ўсіх калібраў - ад мэтраў да маладых людзей, выпускнікоў тэатральных ВНУ", - падзялілася Турава.
Паводле яе слоў, многія працавалі адразу на розныя ролі. "Некаторыя агучвалі да чатырох персанажаў, і мужчынскім, і жаночым голасам. Гэта дзіўная якасць, калі чалавек можа пераўвасабляцца", - адзначыла рэжысёр.
Песні былі запісаны загадзя. Па іх выбудоўвалася канструкцыя фільма - усе кадры павінны былі адпавядаць музычнаму суправаджэнню.

Расіяне зацікавіліся

Гендырэктар кінастудыі "Беларусьфільм" Уладзімір Карачэўскі паведаміў карэспандэнту Sputnik, што "расійскія партнёры ўжо паглядзелі і хочуць набыць  анімацыйную карціну "Зоркі сёмага неба", каб прадэманстраваць яе па сваіх тэлеканалах і інтэрнэт-платформах". Зараз ідзе перамоўны працэс.
"І не толькі з расійскім бокам. Мы спадзяемся, што пакажам фільм у рамках фестывалю ШАС, які адбудзецца ў канцы чэрвеня - пачатку ліпеня ў Душанбэ, а таксама на "Славянскім базары". Плануем продаж не толькі ў рускамоўныя краіны - ужо ёсць субцітры па-англійску", - расказаў Карачэўскі.
Па Беларусі пройдзе больш за 60 паказаў, у Мінску - у кінатэатры "Беларусь" і "Аўрора", таксама разглядаюцца пляцоўкі кіназалаў "Піянер" і "Дома кіно".
"Пасля сённяшняй прэм'еры наш фільм пачынае актыўнае самастойнае падарожжа", - рэзюмаваў Карачэўскі.
Чытайце таксама: