Новыя правілы ўступаюць у сілу з 9 ліпеня. Яны прадугледжаны папраўкамі ў законы па пытаннях валютнага рэгулявання і кантролю. Аб нюансах новаўвядзенняў карэспандэнту Sputnik распавёў эканамічны эксперт, старшы аналітык "Альпары Еўразія" Вадзім Іосуб.
Адбой паніцы
З'яўленне гэтай нормы ў законе не павінна выклікаць у людзей паніку. 9 ліпеня нічога новага не адбудзецца, лічыць эксперт.
"Нацбанк не атрымае ні аднаго паўнамоцтва, якога б дэ факта ў яго не было раней. Ён будзе рабіць пры неабходнасці тое, што і раней мог бы рабіць, толькі спасылаючыся на канкрэтны закон", - адзначыў Іосуб.
У нарматыўным акце таксама прапісваецца паняцце "пагроза эканамічнай бяспецы". Менавіта яна з'яўляецца адзінай падставай для ўводу абмежаванняў. Атрымліваецца, што ўлады такую пагрозу дапускаюць і нават прадбачаць. Ці павінна гэта насцярожваць?
"Наадварот. Становіцца крыху больш зразумела, у якой сітуацыі чакаць непрыемных нечаканасцяў. Раней, калі гэта не было прапісана, то і падстава магла быць дастаткова адвольнай", - упэўнены эксперт.
Не першыя абмежаванні
Суразмоўца нагадаў, што ў Беларусі былі вельмі сур'ёзныя абмежаванні ў валютнай сферы ў 2011 годзе. Валюты не было для насельніцтва, з'явіўся чорны рынак.
"А прадпрыемствам, каб купіць яе на біржы, трэба быў спецыяльны дазвол пры вельмі абмежаваным спісе падстаў. Ці ледзь на набыццё толькі энерганосьбітаў", - распавёў аналітык.
У 2014 годзе за адзін раз ўвялі 30% збор на куплю валюты для грамадзян. "Вось чалавек прыходзіць у абменнік, бачыць курс продажу, плаціць за долар плюс 30% зверху", - растлумачыў ён.
Усё гэта было выклікана штучным утрыманнем курсу беларускага рубля. Эксперт адзначыў, што "расійскі рубель тады сур'ёзна падаў, а беларускі да долара трымалі, трацілі на гэта рэзервы". Ахвотных набыць долар па штучна заніжаным кошце было ўсё больш і больш. Людзі актыўна здымалі валюту, у прыватнасці расійскі рубель, каб набываць, напрыклад, нейкую тэхніку ў РФ, так як там яна апынулася танней, нагадаў ён.
"Стала вычэрпвацца валюта, попыт у шмат разоў перавышаў прапанову. У гэтай сітуацыі трэба было адпусціць курс, але не хацелі", - лічыць Іосуб.
Прычына і следства
На яго думку, у любой краіне з больш ці менш вольным валютным рынкам, калі пачнуцца нейкія сур'ёзныя праблемы ў эканоміцы, могуць уводзіцца абмежаванні.
"Валюта ў краіне зараз ёсць, яе хапае. Насельніцтва можа яе купіць у абменніку, а прадпрыемства - на біржы. Калі па якіх-небудзь прычынах валюты стане рэзка менш, лагічна, што Нацбанк будзе ўводзіць абмежаванні", - дадаў эксперт.
Складанасці ў гэтым выпадку ў куплі валюты будуць звязаны не з тым, што Нацбанк увёў ліміты, а з тым, што валюта скончылася, растлумачыў ён.
"Груба кажучы, калі яе няма, то незалежна ад наяўнасці нейкіх там афіцыйных перашкод або законаў, ты валюту не купіш. Вось і ўсё", - падкрэсліў Іосуб.
У санкцыйным капкане
На думку аналітыка, на наяўнасць валюты ў краіне можа ўплываць у тым ліку і палітычная ізаляцыя.
"Санкцыйны рэжым безумоўна будзе аказваць ціск на колькасць валюты ў краіне. Але такога, што мы заўтра прачнемся, і валюта раптам знікне, не будзе. А будзе паступовае памяншэнне яе прапановы", - сказаў Іосуб.
Паводле яго слоў, калі пры гэтым будзе расці курс, то попыт і прапанова будуць збалансаваны. Так, валюты менш, але яна каштуе даражэй і ніякага дэфіцыту няма.
А вось калі валюты стала менш, а курс штучна ўтрымліваецца, то дэфіцыт можа наступіць, перакананы аналітык. "Калі ўзяць і ўключыць друкаваны станок і, напрыклад, рэзка павысіць ўсім зарплаты ў беларускіх рублях, то насельніцтва з гэтымі рублямі пабяжыць у абменнікі. А прадпрыемствы з гэтымі рублямі пабягуць на біржу. І валюта можа скончыцца", - удакладніў Іосуб.
На яго думку, калі такі крызіс адбудзецца, то ён, хутчэй, будзе насіць самаробны характар па ўнутраных прычынах. "Значна лягчэй загубіць нармальна функцыянуючы валютны рынак нявернымі рашэннямі, чым нейкімі знешнімі фактарамі", - адзначыў эксперт.
Лібералізацыя рынку валюты
Іосуб падкрэсліў, што апошнія пяць гадоў у Беларусі ішла паступовая лібералізацыя валютнага рынку. Калі пасля падзей 2014 года яна пачалася, у прадпрыемстваў яшчэ быў абавязковы продаж валюты - 50% ад выручкі. Гэты працэнт паступова зніжаўся. Пазней абавязковы продаж валюты быў адменены. Новы закон дазваляе яе вярнуць пры неабходнасці, але не ўводзіць яе.
Лібералізацыя валютнага рынку кранула і простых грамадзян. Спачатку ім дазволілі адкрываць бягучыя валютныя рахункі за мяжой для атрымання зарплаты, нейкіх іншых даходаў. Потым грамадзянам і прадпрыемствам дазволілі праводзіць аперацыі, звязаныя з рухам капіталу.
З 9 ліпеня без спецыяльнага дазволу Нацбанка нашы грамадзяне змогуць купляць нерухомасць і акцыі за мяжой, станавіцца заснавальнікамі прадпрыемстваў там. Трэба будзе толькі паведаміць у Нацбанк. "А раней трэба было браць дазвол - ідзеш на паклон, кажаш, хачу купіць акцыі. Табе могуць дазволіць, а могуць і не", - дадаў Іосуб.
Але дзяржава падстрахавалася тым, што ў выпадку форс-мажора, вострага дэфіцыту, могуць уводзіцца абмежаванні. Аднак, пры гэтым агаворана, што яны часовыя - не больш чым на год. "І гэта лепш. Раней, калі нідзе тэрміны не рэгламентаваліся, увялі абмежаванні, і сядзі, варажы, праз паўгода іх адменяць ці праз пяць гадоў", - падкрэсліў эксперт. Пасля ўступлення закона ў сілу ўсе гэта стане больш зразумела і празрыста, лічыць ён.
Чытайце таксама: