МІНСК, 10 чэр - Sputnik. Кантроль за ходам уступнай кампаніі ў навучальныя ўстановы краіны будуць ажыццяўляць больш за 150 работнікаў Камітэта дзяржаўнага кантролю (КДК), паведамілі ў ведамстве.
Учора ў Мінску прайшло першае пасяджэнне дзяржкамісіі па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступных выпрабаванняў, у ім прынялі ўдзел старшыня дзяржкамісіі, віцэ-прэм'ер Ігар Петрышэнка.
"Кантроль будзе арганізаваны на трох узроўнях: на ўзроўні дзяржкамісіі, створанай рашэннем кіраўніка дзяржавы, абласных камісій і камісій ва ўстановах адукацыі", - заявіў на пасяджэнні камісіі намеснік старшыні КДК Дзмітрый Баско.
Паводле яго слоў, кантроль будзе ажыццяўляцца на ўсіх этапах уступнай кампаніі, усяго задзейнічана больш за 150 работнікаў Камітэта дзяржкантролю.
Баско адзначыў, што асноўная задача кантралёраў складаецца ў тым, каб ўступная кампанія-2021 "прайшла ў спакойнай і дзелавой атмасферы".
Разам з тым, ён падкрэсліў, што абітурыенты і іх бацькі павінны выконваць усе патрабаванні заканадаўства.
У КДК таксама паведамілі, што для аператыўнага рэагавання на звароты грамадзян па пытаннях, звязаных з правядзеннем уступных выпрабаванняў, на базе КДК, абласных камітэтаў дзяржкантролю арганізавана работа "гарачай лініі".
Акрамя гэтага, супрацоўнікі кантрольнага ведамства будуць весці асабісты прыём абітурыентаў і іх бацькоў.
Чытайце таксама: