Каля карпусоў хімфака і юрфака БДУ, дзе арганізаваны пункты тэсціравання, учарашнія школьнікі пачалі збірацца задоўга да пачатку экзамену. "Вылічыць" у натоўпе абітурыента проста - белая кашуля і блузка, строгі пінжак, ніякіх лішніх рэчаў - у руках толькі пашпарт і пропуск.
Прыкметна, што маладыя людзі хвалююцца. Як справіцца з трывогай і стрэсам? Што трэба рабіць, каб адчуваць сябе больш упэўнена? Карэспандэнт Sputnik перад пачаткам тэсціравання пацікавіўся ў маладых людзей іх настроем і "рэцэптамі" барацьбы з панікай. Хлопцы і дзяўчаты таксама распавялі, кім яны хочуць стаць і чаму выбралі менавіта беларускую мову.
Усе абітурыенты, з якімі ўдалося пагутарыць, здавалі рэпетыцыйнае тэсціраванне. Яно пачалося яшчэ восенню і праходзіла ў тры этапы. Кажуць, што РТ дае магчымасць адчуць абстаноўку экзамену, ацаніць свой узровень ведаў, зразумець структуру ЦТ і даведацца тэхнічныя моманты. Тады хваляванне сыходзіць.
Не зацыклівацца на прадмеце
Стэфанія з Мінска паступае ў БДУ, хоча стаць псіхолагам. З выбарам прафесіі вызначылася ўжо два гады таму. Займалася з рэпетытарамі па ўсіх трох прадметах, якія плануе здаваць, - беларускай, англійскай і гісторыі Беларусі. Прыйшла на першае ЦТ, таму што беларускі для яе прасцей.
Стефания еще два года назад решила, кем хочет быть
© Sputnik / Виктор Толочко
"Крыху, вядома, хвалююся. Як справіцца з трывогай? Для пачатку, за дзень, трэба вельмі добра выспацца, прагуляцца, не зацыклівацца на прадмеце", - сцвярджае яна. Учора, перад экзаменам, ужо не займалася - лічыць, што гэта бессэнсоўна.
"Галоўнае - расслабіцца і глыбока дыхаць. Ніякай валяр'янкі і заспакойлівых перад тэсціраваннем. Гліцын трэба піць", - раіць дзяўчына. Яна ўпэўнена, што, калі зойдзе ў аўдыторыю, возьме бланк з заданнямі, ад усяго абстрагуецца, і рэшткі хваляванняў знікнуць.
Ніякіх манетак пад пятку!
А вось у Рамана перамагчы стрэс ніяк не атрымліваецца. "Як правёў учора дзень? Ды ўчора ўжо хваляваўся. Адпачываць не мог, працягваў рыхтавацца. З-за перажыванняў зусім не выспаўся", - распавядае ён.
Роман не верит в приметы, а накануне экзамена он продолжал готовиться
© Sputnik / Виктор Толочко
Раман дадае, што ні ў якія прыкметы перад экзаменам не верыць. "Ніякіх манетак пад пятку! Падручнік на ноч пад падушку не клаў. Толькі ўласныя веды", - упэўнены абітурыент.
Раман будзе паступаць у БДУ на хімфак. Плануе займацца фармацэўтыкай. Будзе здаваць яшчэ ЦТ па хіміі, матэматыцы і, на ўсялякі выпадак, - па англійскай.
"Раз-пораз бярэш у рукі падручнікі"
Анастасія негаманлівая - вельмі моцна хвалюецца. Інга, яе мама, прыйшла з ёй, каб падтрымаць дачку. Будзе чакаць заканчэння тэсціравання. Анастасія марыць атрымаць фундаментальную гуманітарную адукацыю - паступае ў БДУ на факультэт філасофіі сацыяльных навук.
Кажа, што, хоць псіхолагі раяць не займацца ў апошні дзень перад ЦТ, так не атрымліваецца. "Ходзіш, нервуешся, раз-пораз бярэш у рукі падручнікі", - дзеліцца яна.
Некоторые родители составляют абитуриентам компанию: поддержать перед экзаменом
© Sputnik / Виктор Толочко
Інга дадае, што дачка прыйшла здаваць беларускую на ўсялякі выпадак, як запасны варыянт. "Раптам лепш атрымаецца, чым рускі, яго таксама будзем здаваць. Сёння гэта рэзервовы прадмет. Як бы рэпетыцыя, каб адчуць абстаноўку", - тлумачыць яна.
Інга лічыць, што лепшы рэцэпт заспакаення перад экзаменам - пасядзець вечарам дома і пагутарыць з блізкімі. "І ў сацсеткі дачка заходзіла, хоць гэта не рэкамендуюць. А што тут такога? Пераключаешся, адцягваешся - і супакойвае. Займаешся звыклымі рэчамі", - упэўненая Інга.
Моцная загартоўка
Сярод тых, хто сабраўся ва ўніверсітэцкім дворыку ўвагу прыцягнула невялікая група маладых людзей - яны жартавалі паміж сабой і смяяліся. Высветлілася, што ўсе чацвёра - выпускнікі Мінскага дзяржаўнага абласнога ліцэя. Сцвярджаюць, што не хвалююцца наогул.
Аляксей прыехаў у Мінск з Беразіно, Таццяна - з Мінскага раёна, Аляксандра - з Крупскага, Юлія - з Мар'інай Горкі. Навучаючыся ў ліцэі, у сталіцы ўжо два гады жывуць самастойна, без бацькоў.
"Мы абсалютна спакойныя. Бо выбар небагаты - альбо хвалявацца, альбо не. Лепш - не. Тады не забудзешся нічога з перапуду", - жартуе Таццяна.
Аляксей дадае, што ўсе яны прайшлі вельмі моцную загартоўку. "Мы ў ліцэі вучыліся - нам ужо няма чаго баяцца. Гэта была такая падрыхтоўка - словамі не перадаць", - дадае Аляксей.
Алексей, Татьяна, Александра и Юлия - выпускники Минского государственного областного лицея
© Sputnik / Виктор Толочко
Ён адзначае, што ніякіх рэцэптаў спакою даць не можа. "Вядома ж, ніякіх заспакойлівых. Я здаваў усе тры этапы РТ, ужо прывык. Выпускныя экзамены прайшлі. З зоны камфорту даўно выйшаў і ў тонусе", - распавядае малады чалавек.
Рыхтаваліся ўчора разам, але не дапазна. Пасядзелі днём, пагарталі падручнікі.
Аляксей таксама паведамляе, чаму ён абраў на ЦТ менавіта беларускую мову. "Я - патрыёт. У перспектыве хачу і ў паўсядзённым побыце размаўляць толькі па-беларуску. Мне падабаецца. Вельмі прыгожая мова", - сцвярджае ён.
А вось Юлія не адразу вызначылася з выбарам прадмета. "Спачатку рыхтавалася да рускай, думала, што не ведаю беларускую. Але калі пачала вучыць рускую, зразумела, што яе я таксама не ведаю. І абрала тое, куды легла душа. Проста сэрца падказала, што трэба ісці, вось і пайшла", - усміхаецца Юлія.
Аляксей, Аляксандра і Юлія ідуць на геафак БДУ, а Таццяна - на фізіка-матэматычны. Яна будзе праграмістам.
"Са спецыяльнасцю пакуль не вызначыўся. Можна быць эколагам, геадэзістам, геолагам. Прыцягваюць будучыя камандзіроўкі. Геадэзістаў, напрыклад, могуць адправіць у Расію, у Антарктыду. Не тут жа нафту шукаць. Хоць, хто шукае, той заўсёды знойдзе", - жартуе ён .
Усе чацвёра кожную суботу на працягу двух гадоў наведвалі факультатывы па кожным з трох прадметаў, якія будуць здаваць на ЦТ. Гэта - геаграфія, матэматыка, мова, а для фізмата - замест геаграфіі - фізіка.
Можна было б выбраць чацвёрты для падстрахоўкі, але маладыя людзі сцвярджаюць, што яны вельмі ўпэўнены ў сабе.
Чытайце таксама: