Гуляй, вёска, сёння Кірмаш!

Этнограф Ларыса Мятлеўская нанава адкрывае даўняе свята пэўнай вёскі і дае кулінарныя парады да "кірмашовага" стала.
Sputnik
Абы была добрая нагода, а нашы продкі ўмелі скарыстаць яе для добрага адпачынку. Асабліва калі надыходзіў час "кірмашу" або "фэсту". Так у розных мясцовасцях Беларусі называлі свята пэўнай вёскі. Шматлікія моўныя сведчанні аб гэтым храмавым свяце захаваліся і па сёння: "Фэсты былі, з’язджаўся народ. У суседняй вёсцы фэст быў. На Спожку фэст у вёсцы. Фэст – прастольны празьнік у чэсць Пятра і Паўла. На фэсце была – фэст бальшой празьнік".
Але ж часцей за ўсё свята вёскі называлі "кірмашом". Бабуля ўзгадвала, што калісьці ў гэты дзень зранку "бацюшка" перш служыў малебен, пасля хадзіў па падворках і асвячаў хаты, хлявы, агароды. За ім ішлі ўсе вяскоўцы, таму гаспадыні імкнуліся добра прыбраць у двары, пабяліць печ у хаце, каб мець добрую славу. У гэты дзень у вёсцы адбываўся гандаль, "кірмаш". Адсюль і пайшла агульная назва свята, якой карыстаюцца і цяпер.
Слова "кірмаш" заўсёды выклікае ў мяне светлы і радасны ўспамін аб шчаслівых гадзінах майго вясковага дзяцінства. У вёсцы, дзе жылі мае дзяды, "спраўлялі кірмаш" на наступнай пасля Сёмухі нядзелі. Зранку ў хаце пачыналася перадсвяточная мітусня. Бясконца ляскала жалезная клямка дзвярэй, паколькі бабуля літаральна лётала з кухні ў клець па прысмакі. Дзед і дзядзькі даставалі з паветкі сталы і лавы, абкашвалі двор. У падпаленай печы пякліся вялікія, румяныя бліны і шкварчэла сала. Сон знікаў адразу, як толькі ў галаву ўлятала думка пра кірмаш і гасцінцы, якія павінны прывезці госці. Дзеці таксама не заставаліся без працы. Пасля сняданку маім абавязкам было збіванне масла ў драўлянай маслабойцы. Пасля трэба было сабраць у гнёздах свежыя, яшчэ цёплыя яйкі, наршчыпаць на агародзе зялёнага пер’я цыбулі. Прымаць удзел у супольным клопаце было за шчасце.
Чайныя гісторыі. Гарбата ці чай?
Даўняя традыцыя збірацца разам у гонар пэўнага рэлігійнага свята і святкаваць дзень вёскі ўзнікла яшчэ ў дарэвалюцыйныя часы. Непадалёк ад Мінска "кірмашы" і цяпер святкуюць толькі ў старадаўніх вёсках, у якіх прытрымваюцца старых дат іх правядзення. Хутчэй за ўсё іх замацавалі за кожным паселішчам яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя праз царкоўныя прыходы. Так, у вёсцы з прыгожай назвай Дубіцкая Слабада "кірмаш" калісьці ладзіўся на Троіцу, следам праз тыдзень на Граной нядзелі святкавала іншая вёска і гэтак далей. Большасць вядомых мне кірмашоў прыпадалі на лета і пачатак восені. Гэта было зручна, паколькі важныя палявыя работы былі завершаны і быў час для кароткага адпачынку.
На кірмашах прадаваліся ганчарныя, бандарныя вырабы, тканыя рушнікі і посцілкі, гародніна, мёд, яйкі, птушка, рыба і  малочныя прадукты. Тут заўсёды было весела, гучала музыка і смех, жартаўлівыя спрэчкі. Смешныя кірмашовыя здарэнні любілі пераказваць, асабліва ўвечары, седзячы за святочным сталом. Вось што падымала настрой нашым продкам.

Кірмашовыя жарты

Свежая капейка
Мужык дорага купіў карову і адразу ж яе прадаў значна танней. На пытанне навошта ён так зрабіў, адказаў: "Абы ў руцэ капейка свежая была".
На дарозе
- Няма часу: трэба ісці.
Не прызнаў
Варочаючыся з кірмашу, чалавечак, прыкуцнуў на дарозе і заснуў, дый так моцна, што не чуў, як і боты нехта з яго ног сцягнуў. Ажно едзе нейкі чалавек і крычыць: "Прыймай ногі!" заспаны мужык, глянуўшы на свае босыя ногі, кажэ: "Едзь! Гэта не мае: мае ў ботах".
На судзе
- Цягнулася і яна, падла, за гэтымі рагамі.
Сон
- Я такі здагадалася. Праз сон ты крыкнуў: "Дай, Моўша яшчэ кварту".
Дагадзіў
- Табе ж лепей, бо будзе яна есці салому, а думаць, што сена.
Добры конь
- Я б яго купіў, - кажа адзін чалавек, - але ж мне да дому ўсяго дзесяць вёрст, то ён перабяжыць маю хату.
Каля магазіна
- Вось дурная, вазьмі чорныя, бо як зробіцца дзірка, дык не будзе відаць ног.
Ласунак для багатых: як прыгатаваць сапраўднае беларускае масла
З цягам часу і набажэнства, і гандлёвы кірмаш у гонар свята зніклі, але традыцыя запрашаць у пэўны дзень у госці далёкіх сваякоў і паважаных людзей з суседніх вёсак засталася. Да сярэдзіны 1980-х у вёсках Загацце, Паздзіркі, Дубінкі, Дубіцкая Слабада, Пагуляйка, што ў Мінскім раёне кірмашы адбываліся аднолькава. Раніцай  хлопцы ішлі да брыгадзіра і прасілі каня з вазом, каб паехаць у лес па маладыя бярозкі. З іх на выгане рабілі кола для танцаў. У сярэдзіне майстравалі лаўкі, каб, натанцаваўшыся, было дзе прысесці. У складчыну наймалі музыкаў і танцавалі цэлую ноч пасля ўрачыстай вячэры. На такія танцы сцякалася моладзь з усёй ваколіцы. Пазней, калі з’явіліся магнітафоны і гукаўзмацняльная апаратура, ёй пачалі замяняць музыкаў.

Вячэра

Вячэра ў дзень кірмаша – асаблівы клопат для гаспадыні. Ад самага рання, а часам і за дзень пачыналі гатаваць святочную вячэру. Ежы гатавалі шмат паколькі, як казалі "ладзіліся вялікія госці". У гэтай справе маці дапамагалі дарослыя дочкі, нявесткі і нават, калі мелі час, суседкі. Апрануўшыся ў "чыстае" (святочнае адзенне) усе знаходзіліся ва ўзрушаным, святочным настроі, жартавалі, прыветна віталі адзін аднаго, чакаючы вечара. Да глыбокай ночы ў хатах не гасілі святла. Вёска гула, як пчолы ў вуллі, а на наступны дзень пасля абеду свята працягвалася. На танцавальнай пляцоўцы моладзь саступала месца старэйшым, якія з асалодай круціліся ў вальсах, "кракавяках" і польках.
Існавала прыкмета, што калі харошы стол на Троіцу, то будзе хапаць усяго, увесь год будзеш добра жыць. Вось і імкнуліся застолле зрабіць багатым і разнастайным на стравы.
Усаджвалі нявесту і смажылі сала: як карысталіся патэльняй нашы продкі
На стале прысутнічала ўсё, што было прыпасена гаспадыняй і засталося ад зімы: салёныя агуркі і грыбы, квашаная галоўкамі капуста, яшчэ старая бульба і буракі. Са свежай агародніны да гэтага часу на градах паспелі падняцца толькі зялёная цыбуля і кроп. Абавязкова загадзя рабілі сыр і збівалі масла, даставалі з сальніцы салёнае сала, якое наразалі скрылікамі не вельмі тонкімі, каб было што падчапіць на відэлец, а таксама з гарышча, з вялікага каша з вечкам даставалі вялены кумпяк, каўбасы пальцам тыканыя, каўбух і іншыя мясныя прысмакі, якія яшчэ засталіся пасля Вялікадня і сенакосу. Калі было з чаго, варылі халадзец, смажылі курыцу.
У Мінск ехалі па "купляную рыбу": селядцы, траску і хек. Гадоў 40 таму ў крамах інакшай рыбы амаль не было. Стараліся налавіць у мясцовай сажалцы ляшчоў, карасёў ды плотак. Шчупакі былі рэдкасцю ў гэтым калісьці балоцістым краі. На радасць дзецям пяклі салодкія "грыбкі" (від бісквітнага пірага). З сухіх яблыкаў і груш варылі ўзвар з дадаткам мяты і чабарку. Ну, і пэўна ж, была свая і купляная гарэлка, хатняе вінцо са смародзіны для жанчын.
Салата з квашанай капусты
З чаго гатаваць:
Як гатаваць. Квашаную галоўкамі капусту дастаць з расолу і абмыць. Тонка нашаткаваць капусту, дадаць дробна сечанае пер’е зялёнай цыбулі, зусім трошкі зялёнага кропу, пасаладзіць і заправіць смятанай або алеям. Смаката - не ад’есціся!
Смажанка па-сялянску
З чаго гатаваць:
Як гатаваць. Мяса прамыць, нарэзаць кавалкамі па 30-40 г, злёгку адбіць, пасаліць, паперчыць, укачаць у муку і абсмажыць на здоры да ўтварэння румянай скарынкі. Пакласці мяса ў чыгунок або каструлю, дадаць ачышчаныя і нарэзаныя цыбулю, моркву, бульбу, уліць булён або ваду і тушыць на слабым агні. Калі мяса будзе амаль гатова, дадаць лаўровы ліст, соль, уліць смятану і патушыць усё разам.
На жаль у канцы 1990-х святкаванне кірмашоў амаль сышло. Але прайшло колькі часу і гэта цудоўная традыцыя паціху пачала адраджацца.
Вось і сёння, атрымала ад суседзяў запрашэнне на кірмаш, то пачну рыхтавацца, а вам святочнай нядзелі і смачна есці!