Гісторыя, насычаная крывёй: партызанская вайна ля мяжы з Польшчай

Пра тое, у якіх умовах партызаны жылі ў зямлянках, як паспявалі вучыцца самі і перадаваць веды дзецям, як падтрымлівалі здароўе і рабілі аперацыі ў звычайных буданах і навошта па каналах падпольнай сувязі правяралі "новенькіх" - у матэрыяле Sputnik.
Sputnik
Дзесяць гадоў таму ў вёсцы Каробчыцы, што пад Гродна, адкрылі ўнікальны гісторыка-культурны комплекс, у якім узнавілі сапраўдны партызанскі лагер.
Ініцыятарам стварэння музея "Гродзенская крэпасць. Партызанскі лагер" выступілі ветэраны Гродзеншчыны, мясцовыя ўлады падтрымалі. За гэты час комплекс наведала вялікая колькасць гасцей, у тым ліку замежных. Напярэдадні 80-годдзя з дня пачатку Вялікай Айчыннай вайны ў комплекс наведаўся і карэспандэнт Sputnik Мікалай Міхнавец.

Па ініцыятыве ветэранаў

Пра гэты комплекс вядома не так шырока, як аб музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску ці "Партызанскім лагеры" у Станькава, тым не менш, каробчынскі музей - месца вельмі і вельмі цікавае і па-свойму ўнікальнае. Яго стваральнікі сабралі тут не толькі экспазіцыю, прысвечаную падзеям перыяду 1941-1945 гадоў, але і Першай сусветнай вайны.
Гэта зроблена для таго, каб наведвальнікі прадстаўлялі і разумелі, што на Гродзеншчыне ў розныя часы ішлі страшныя баі, а мясцовая зямля літаральна насычана крывёй яе абаронцаў.
Экспанаты, прысвечаныя Першай сусветнай вайне, уражваюць, каля кожнага з іх можна спыняцца надоўга, разам з экскурсаводам апускаючыся ў тое ліхалецце, але сёння размова не пра гэта - пра Вялікую Айчынную.
Военным консультантом при создании партизанской деревни выступил Иван Павлович Бохан
Ваенным кансультантам пры стварэнні партызанскай вёскі выступіў Іван Паўлавіч Бохан
Як распавялі ў музеі, бліжэйшыя ад Каробчыц партызанскія атрады базіраваліся ў Ліпічанскай і Налібоцкай пушчах. Аднак байцы нябачнага фронту рэгулярна здзяйснялі баявыя вылазкі аж да Беластока. У прыватнасці, з гродзенскім падполлем звязвалася вядомая брыгада імя Кастуся Каліноўскага - яна ўчыняла дыверсіі на мясцовым чыгуначным вакзале.
Наводзіў страх на фашыстаў на гэтых землях і знакаміты атрад Піліпа Капусты па мянушцы "партызанскі генерал". Яго баяліся з-за жалезнага правіла: "У палон нікога не браць!".

Свет не чорна-белы

Партызанскіх атрадаў у гады Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі было шмат. Гісторыкі пішуць, што да канца вайны колькасць беларускіх народных мсціўцаў перавышала 374 тыс чалавек. Яны былі аб'яднаны ў 1255 атрадаў.
Оружие победы. Танк Т-34
Зброя перамогі. Танк Т-34
Вядома, што некаторыя атрады немцы стваралі спецыяльна для таго, каб дыскрэдытаваць партызанскі рух. Таксама актыўна дзейнічалі літоўскія, яўрэйскія, польскія (армія Крайова, армія Людова), нацыяналістычныя атрады. Пра гэта ў музеі таксама распавядаюць.
"У кожнага атрада была свая матывацыя: многія ішлі ў лес, каб адпомсціць немцам за гібель родных і спаленыя вёскі, хтосьці супрацьстаяў савецкай уладзе з-за калектывізацыі і раскулачвання бацькоў, другія змагаліся за свае, як яны лічылі, гістарычныя землі", - распавядае адзін з супрацоўнікаў музея.
Ён таксама ўспомніў, што некаторыя сталыя наведвальнікі комплексу дзяліліся шакавальнымі ўспамінамі: распавядалі, як немцы прылюдна здымалі скуру з бацькоў, чые дзеці сышлі ў партызаны, пагражалі тым, хто будзе перадаваць лясным байцам ежу.
Партизанская кухня
Па словах музейнага работніка, нават вайна не дзеліць свет на чорнае і белае. Заўсёды ёсць момант выбару, абставін і лёсаў канкрэтных людзей. Ён таксама звярнуў увагу, што ў тых месцах, дзе старасты выбіраліся галасаваннем, кіраўнікі як правіла імкнуліся зрабіць так, каб "і немцы не забілі, і партызаны не расстралялі".
Былі нават такія эпізоды, калі, шпацыруючы па лесе, паліцаі маглі сустрэць знаёмых партызан, закурыць і абмеркаваць тое, што адбываецца ў вёсцы. А вось кіраўнікі, якія прызначаліся немцамі, маглі, падпіўшы, дзеля весялосці спаліць хату. Пасля вайны такіх паліцаяў ніхто не хацеў хаваць.
Памятник сожженным деревням
Помнік спаленым вёскам

Зямлянкі, баявая тэхніка, зялёная школа

Важную ролю ў сувязі партызан і мясцовых жыхароў гулялі леснікі, якія падказвалі, дзе лепш уладкоўваць партызанскія лагеры, каб іх нельга было знайсці ў балоцістай мясцовасці. Леснікі добра ведалі ўсе сцежкі, перадавалі партызанскім атрадам зброю, выходжвалі параненых. Менавіта таму ў комплексе аднавілі дом лесніка.
Командирская землянка
Камандзірская зямлянка
Таксама тут ёсць розныя віды зямлянак (камандзірская, медыцынская, зброевая). Як распавёў экскурсавод Канстанцін Мірошнікаў, многія прадметы ў зямлянках - арыгінальныя (напрыклад, сцяг), іх у свой час прынеслі ветэраны.
Ёсць і знакавая баявая тэхніка, якая дапамагала перамагаць: танк Т-34, "Кацюша", зенітная гармата, якой кіравалі ў асноўным дзяўчаты.
"Хваробы ва ўмовах пастаяннай сырасці і раненні маглі падкасіць баяздольнасць байцоў, таму ўжывалі сродкі народнай медыцыны і нават праводзілі аперацыі ў спецыяльна створаных буданах. У партызаны ішлі людзі розных прафесій, і некаторыя ведалі медыцынскую справу", - звярнуў увагу экскурсавод.
В подобных шалашах делали операции
У падобных буданах рабілі аперацыі
Каб засцерагчы сябе ад паразітаў, партызаны намазваліся дзёгцем з попелам і рабілі лазні-званочкі: развешвалі над вуглямі вопратку, яна станавілася перашкодай для дыму днём, пры гэтым прасушвалася і абеззаражвалася. Звычайна партызанскае вогнішча раскладвалі вечарам і ноччу.
Медицинская землянка
Медыцынская зямлянка
Для прадстаўнікоў рабочых спецыяльнасцей - цесляроў і шаўцоў - спецыяльна стваралі майстэрні.
Унікальная з'ява ва ўмовах вайны і падполля - зялёная школа. Вучыліся ў ёй і дарослыя (баявой падрыхтоўцы), і дзеці з навакольных вёсак - калі ў атрадзе быў педагог. Лічыльнікі рабілі з жалудоў, пісалі на бярозавай кары, на палях газет чарнічных сокам, змяшаным з попелам.
Канстанцін Мірошнікаў падчас экскурсій распавядае і пра тое, што магло стаць рэальнай пагрозай для партызан. Немцы спрабавалі ўкараняць у атрады сваіх людзей. Пазнаючы падрабязнасці, яны перадавалі звесткі, і названае месца абстрэльвала авіяцыяй ворага. З'явілася пасада памочніка камандзіра, які правяраў новенькіх і па каналах падпольнай сувязі высвятляў, ці можна ім давяраць.

Аб вайсковай славе замовіце слова

Гісторыкі адзначаюць, што партызанскія атрады зрабілі шмат карыснага і неацэннага ў барацьбе з ворагам. Калі б не было народных мсціўцаў, страты на фронце былі б больш маштабнымі. Вылазкі партызан на "чыгунку", знішчэнне жывой сілы, ваеннай тэхнікі, сцягванне на сябе значных сіл ворага - гэта вялікі ўклад у Перамогу.
Экскурсия для детей-сирот Детского дома семейного типа г. Дятлово
Экскурсія для дзяцей-сірот Дзіцячага дома сямейнага тыпу г. Дзятлава
У музеі перакананы: ушаноўваючы вялікіх палкаводцаў, франтавікоў, якія "Пол-Европы прошагали, полземли", трэба абавязкова ўспомніць пра партызан і падпольшчыкаў. Ім было невыносна цяжка на акупіраванай тэрыторыі, але яны не проста выжывалі - змагаліся з ворагам, набліжаючы святую дату - 9 траўня.
Чытайце таксама: