МІНСК, 23 чэр - Sputnik. Наведваць лясныя масівы нельга ў 52 раёнах краіны, дзе з-за гарачага надвор'я уведзены забароны і абмежаванні, вынікае з абноўленай інтэрактыўнай карты Мінлясгаса.
За апошнія суткі дадалося яшчэ 16 "забароненых" раёнаў, больш за ўсё - на Гомельшчыне. З іх - Полацкі, Івацэвіцкі, Краснапольскі, Быхаўскі, Глускі, Рагачоўскі, Светлагорскі, Буда-Кашалёўскі, Веткаўскі, Добрушскі, Гомельскі, Рэчыцкі, Жыткавіцкі, Лельчыцкі, Мазырскі, Брагінскі раён. Найстражэйшыя забароны ўведзеныя амаль на ўсёй Гомельшчыне, акрамя Калінкавіцкага, Чачэрскага і Кармянскага раёнаў. Таксама амаль поўнае абмежаванне наведвання лясоў дзейнічае ў Гродзенскай вобласці - дазволена хадзіць пакуль толькі ў ашмянскія пушчы. Рашэнні аб забароне паходаў у лес уводзяць мясцовыя выканкамы.
Нагадаем, за парушэнне забароны можна атрымаць штраф да 25 базавых велічынь (да 675 рублёў). Калі па віне чалавека загарэўся лес, парушальніку пагражае ад 25 да 50 базавых велічынь (да 1350 рублёў).
У Беларусі да пятніцы абвешчаны чырвоны ўзровень небяспекі, па прагнозах сіноптыкаў ў некаторых раёнах краіны паветра прагрэецца да 36 градусаў.
Чытайце таксама: