SputnikPro: Вышынскі пра сувязь якаснай публіцыстыкі і пазіцыі аўтара

Майстар-клас вядомага расійскага журналіста Кірыла Вышынскага адначасова прайшоў адразу на двух медыйных пляцоўках: у мультымедыйным прэс-цэнтры Sputnik Беларусь і ў анлайн фармаце на платформе рэспубліканскага форуму.
Sputnik
Новы модуль навучальнай праграмы SputnikPro на тэму: "Публіцыстыка ў традыцыйных і новых медыя" у мультымедыйным прэс-цэнтры Sputnik Беларусь прайшоў пры поўным аншлагу. Майстар-клас правёў выканаўчы дырэктар МІА "Расія сёння" Кірыл Вышынскі.
Візіт вядомага расійскага журналіста стаў сапраўднай падзеяй для медыйнай супольнасці Беларусі. Майстар-клас прайшоў адначасова на дзвюх пляцоўках: у мультымедыйным прэс-цэнтры Sputnik Беларусь, дзе сабраліся вядучыя журналісты цэнтральных беларускіх СМІ, і ў анлайн фармаце на платформе рэспубліканскага форуму, які сабраў больш за 100 даследчыкаў і журналістаў рэгіянальных і раённых рэдакцый Беларусі. Спектр тэм шырокі - ад лакальнай праблематыкі да інфармацыйнай бяспекі дзяржавы.

Аб "крызіснай" журналістыцы

"Журналістыка - адна з самых складаных сучасных прафесій, таму што журналіст нясе велізарную адказнасць за інфармаванне грамадства ў крызіснай сітуацыі", - адзначыў Вышынскі.
На думку спікера, ва ўмовах крызісу, калі з-за наплыву разнастайнай, супярэчлівай інфармацыі людзям складана разабрацца ў працэсах, што адбываюцца, асаблівую каштоўнасць набывае моцная, якасная публіцыстыка.
"Публіцыстыка - гэта ў першую чаргу пазіцыя. Калі ёсць пазіцыя, і гэта пазіцыя аргументавана даказваецца, тады да вас прыслухаюцца", - растлумачыў Вышынскі.
Представители госСМИ на семинаре SputnikPro
Прадстаўнікі розных СМІ на семінары SputnikPro

Аб публіцыстыцы і ўнутранай пазіцыі

Менавіта публіцыстыка дапаможа сфарміраваць грамадскую думку, уплываць на працэсы, якія адбываюцца. Па словах Вышынскага, нельга проста сесці і напісаць публіцыстычны матэрыял. Патрэбна цвёрдая ўнутраная пазіцыя.
"Пазіцыя фарміруецца падчас спрэчкі і ўнутранага дыялогу аўтара. Гэта адказы на пытанні. Калі вы заяўляеце сваю пазіцыю, то вы заўсёды павінны заявіць гэты дыялог, інакш кажучы паказаць унутраны канфлікт", - адкрыў прафесійны прыём знакаміты журналіст.
У якасці прыкладу ён прывёў тэму абавязковай вакцынацыі. Унутраная дылема: прышчапляцца ці не? З аднаго боку, ёсць рызыка няхай не сур'ёзна, але захварэць самому пасля прышчэпкі. З іншага боку, існуе рызыка стаць пераносчыкам інфекцыі і няхай не наўмысна, але стаць вінаватым у хваробе іншага чалавека, магчыма, са смяротным зыходам. Вышынскі упэўнены: перш чым садзіцца за такі матэрыял, аўтар павінен сам знайсці адказ на складанае пытанне.
"Калі збіраецеся публіцыстычны матэрыял пісаць, вы павінны быць абсалютна ўпэўненыя да чаго прыйдзеце, загадзя ведаць, што скажаце ў канцы. Аргументаваць, з важкімі бясспрэчнымі фактамі, без штампаў і заклікаў. Гэта пазіцыя аўтара, да якой прыслухаюцца", - сказаў Вышынскі.

Сцісласць - сястра таленту

На майстар-класе спікер выказаўся пра класічную публіцыстыку. Напрыклад, у савецкія часы такім матэрыялам прысвячалі цэлыя газетныя развароты.
"Сёння вялікіх тэкстаў ніхто чытаць не стане. Ён павінен быць сціснутым, спрасаваным, як булённы кубік. У гэтым і крыецца талент журналіста, каб змясціць у кароткім тэксце сутнасць пытання, паказаць унутраны канфлікт і аргументавана прыйсці да рашэння - высновы", - адзначыў спікер .
Блогераў на майстар-класе цікавіла, якія інтэрнэт-тэхналогіі трэба ўжываць, каб атрымаць шматтысячную аўдыторыю, стаць лідэрам меркавання.
"На мой погляд, папулярнасць блога ў першую чаргу вызначае кантэнт. Калі ён ёсць, то рана ці позна да яго прыйдзе свой сталы чытач нават ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі", - рэзюмаваў Вышынскі.

Што такое SputnikPro

SputnikPro - праект міжнароднага інфармацыйнага агенцтва і радыё Sputnik для журналістаў, студэнтаў профільных ВНУ, супрацоўнікаў прэс-служб і медыяменеджэраў, накіраваны на абмен вопытам і развіццё прафесійных сувязяў з замежнымі калегамі. Вядучымі модуляў праекта выступаюць як медыяменеджэры Sputnik, так і іншыя вядомыя расійскія эксперты.