Гэты ліпень будзе насычаны на разнастайныя змены. Больш за ўсё яны закрануць тых, хто будзе перасякаць дзяржаўную мяжу: зараз прыйдзецца прайсці дэзінфекцыю (не ўсім і не ўсюды), у Брэсцкай вобласці з'явіцца "памежны збор", а заехаць у Расію з Беларусі можна будзе праз мабільны дадатак.
Якія яшчэ змены чакаюць беларусаў у другім месяцы лета - у аглядзе Sputnik.
Што будзе з доларамі ў Беларусі?
Змены ў закон "Аб валютным рэгуляванні і валютным кантролі" набудуць моц 9 ліпеня. Нацбанк зможа з гэтага дня ўводзіць валютныя абмежаванні "ў выпадках пагрозы эканамічнай стабільнасці і бяспекі Беларусі", але не больш, чым на год.
Зрэшты, для простага чалавека кардынальным чынам нічога не зменіцца. Адзінае, нельга будзе адмяніць здзелку: калі вы перададзіце грошы касіру, а ў гэты момант курс зменіцца, аперацыя завершыцца ў адпаведнасці з першапачатковымі ўмовамі.
Камуналка "пацяжэе"
Бо 1 чэрвеня тарыфы на ацяпленне і падагрэў вады выраслі на 0,8 долара, гэта адаб'ецца ў жыроўках, якія пачнуць прыходзіць у ліпені. Нагадаем, у Беларусі два разы на год планава павышаюцца тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі. Мінулы раз яны даражэлі 1 студзеня 2021-га, а ў лютым многія адчулі пацяжэнне жыровак. Цяпер за ацяпленне і падагрэў вады прыйдзецца плаціць не 20,6216 рублёў, а 21,9245 рублёў за 1 гігакалорыю.
Узмоцненая ахова на літоўска-беларускай мяжы
Літва патроіць сілы па забеспячэнні аховы мяжы з Беларуссю. Дзяжурыць тут будуць не толькі мясцовыя памежнікі, але і прадстаўнікі ад Еўрасаюза, а таксама войска.
З 1 ліпеня тут павінна пачаць дзяжурства каманда з прыкладна 30 службовых асоб ЕС. Падобныя дзеянні тлумачацца асцярогамі з-за павелічэння колькасці нелегальных мігрантаў. Па дадзеных літоўскай памежнай службы, паток нелегальных мігрантаў у Літву стаў больш, чым за тры папярэднія гады.
Платны выезд праз Брэсцкую вобласць
З 1 ліпеня ўсе аўтамабілісты, якія выязджаюць за мяжу праз пункты пропуску Брэсцкай вобласці, абавязаны будуць плаціць 29 рублёў. Такое рашэнне прынялі мясцовыя ўлады.
Усяго ў Брэсцкай вобласці тры пункты пропуску: у Дамачава, Пясчатцы і самім Брэсце. Памер "памежнага збору" - адна базавая велічыня за адну машыну, прычым колькасць пасажыраў на гэтую суму не ўплывае.
На мяжы з Украінай – дэзінфекцыя
Любы транспарт, які заязджае з Украіны ў Беларусь, будуць дэзінфікаваць ў пункце пропуску "Новая Гута", пачынаючы з 1 ліпеня. Працэдура абавязковая і платная - калі кіроўца адмовіцца ад дэзапрацоўкі, машыну не пусцяць у Беларусь.
Эксперымент будзе дзейнічаць да 1 кастрычніка 2021 года. Апрацоўка легкавых машын, фур і аўтобусаў будзе праводзіцца кругласутачна з выкарыстаннем дэзбар'ераў.
У Расію - толькі па мабільніку
Уехаць у Расію з Беларусі з 1 ліпеня можна будзе толькі праз мабільны дадатак "Падарожнічаю без COVID-19". Ён стане абавязковым для людзей, якія прыязджаюць у Расію з краін-членаў ЕАЭС.
Праз дадатак можна знайсці патрэбную лабараторыю, здаць у ёй тэст на каронавірус, а вынікі трапяць у агульную з ЕАЭС сістэму. Калі ПЦР адмоўны, можна бесперашкодна перамяшчацца ў межах усіх краін Саюза.
Зараз у дадатку ў акне "краіна адпраўлення" можна выбраць шэсць дзяржаў: Арменію, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расію і Таджыкістан. Іх жа можна паказаць у акне "краіна прыбыцця". Перадаваць дадзеныя ў сістэму будзе Нацыянальны цэнтр электронных паслуг ва ўзаемадзеянні з беларускім Міністэрствам аховы здароўя.
Прыёмная кампанія
Ліпень - самы гарачы месяц для абітурыентаў. Тых, хто здае тэсціраванне, у пачатку месяца чакаюць ЦТ яшчэ па чатырох прадметах: фізіцы (2 ліпеня), гісторыі Беларусі (4 ліпеня), геаграфіі (6 ліпеня) і сусветнай гісторыі (8 ліпеня). Рэзервовыя дні для тых, хто не змог ці не зможа прайсці тэсты ў асноўны дзень, устаноўлены на 14 і 16 ліпеня (беларуская і руская мовы), 14 і 18 ліпеня (астатнія прадметы).
Пасля заканчэння ЦТ пачнецца ўступная кампанія ў ВНУ і ССНУ краіны. На бясплатнае навучанне дакументы пачнуць прымаць з 20 ліпеня па 3 жніўня, на платнае - з 20 ліпеня па 14 жніўня.
Вуліцу ў Мінску закрыюць на час
Невялікую вулачку ў цэнтры беларускай сталіцы, Юрава-Завальную, перакрыюць з-за рамонту дарогі. Гэта аднабаковая вуліца, уехаць на якую можна толькі з боку Ракаўскай.
Рух на ўчастку ад ўезду ў двор будынка №27 па вуліцы Ракаўскай да павароту ля будынка №10 па Раманаўскай Слабадзе перакрыюць акурат з паўночы 1 ліпеня да 23 гадзін 31 снежня 2022 года.
І зноў цыгарэты
Ужо традыцыйна: з 1-га чысла кожнага месяца даражэюць некаторыя маркі цыгарэт. Гродзенская фабрыка "Нёман" зноў падыме цэны на 5 капеек на Pall Mall, Kent і Rothmans. На 10 капеек падаражэюць Pall Mall Demi Blue, Pall Mall Demi Azure, Rothmans Click Hit. Павялічыць кошт некаторых цыгарэт і кампанія "Тытунь-інвест", беларускі імпарцёр цыгарэт "Беларусьгандаль" таксама падыме з 1 ліпеня цэны.
Новыя правілы для даўжнікоў
З 15 ліпеня ўводзіцца мінімальны памер прымусовага збору з даўжніка - ён складзе 0,5 базавай велічыні.
Прымусовы збор будзе разлічвацца па старых жа правілах: дзесяць адсоткаў ад сумы выкананага на карысць спагнанніка патрабавання або кошту перададзенай маёмасці. Аднак устаноўлены ніжні парог гэтай сумы, які не будзе залежаць ад памеру запазычанасці па выканаўчым дакументам: не менш за 0,5 базавай велічыні, якая дзейнічае на момант вынясення пастановы аб спагнанні (утрыманні) прымусовага збору.
Чытайце таксама: