Петрышэнка падвёў вынікі першага этапу ўступнай кампаніі

Віцэ-прэм'ер нагадаў, што ў гэтым годзе на ЦТ былі ўкаранёны зручныя новаўвядзенні, таксама абітурыентам варта чакаць адну асаблівасць падчас падачы дакументаў у ВНУ і ССНУ.
Sputnik
МІНСК, 13 ліп – Sputnik. Цэнтралізаванае тэсціраванне ў асноўныя дні прайшло ў спакойнай абстаноўцы, заявіў напярэдадні журналістам намеснік прэм'ер-міністра Беларусі, старшыня дзяржкамісіі па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступных выпрабаванняў у ВНУ і ССНУ Ігар Петрышэнка.
"Надвор'е таксама арганізоўвала абітурыентам свае выпрабаванні. Па меддапамогу падчас ЦТ у бягучым годзе звярнуліся 14 чалавек. Яны змогуць прайсці тэсціраванне ў рэзервовыя дні", - растлумачыў ён.

ЦТ у лічбах

Па словах віцэ-прэм'ера, за парушэнні былі выдалены 10 чалавек: 7 - за мабільны тэлефон, 2 - за шпаргалкі і 1 - за працу над тэстам пасля заканчэння ЦТ.
Ён таксама распавёў, што ў гэтым годзе на ЦТ зарэгістраваліся 62 618 абітурыентаў - гэта рэкордна нізкія лічбы за апошнія некалькі гадоў (у 2020-м было больш за 64 тысячы запісаўшыхся, у 2019-м - больш за 76 тысяч, у 2018-м - больш за 82 тысячы). Для праходжання тэсціравання ў рэзервовыя дні ў гэтым годзе зарэгiстравана 1 148 абітурыентаў.
Ігар Петрышэнка нагадаў, што ў гэтым годзе былі ўкаранёны некаторыя новаўвядзенні: электронная рэгістрацыя для праходжання ЦТ, магчымасць аплаты рэгістрацыйнага ўзносу праз мабільны банкінг, электронная чарга ў пунктах тэсціравання пры выдачы сертыфікатаў. Дарэчы, іх пачнуць выдаваць з 16 ліпеня, выкарыстоўваць сертыфікаты можна будзе два гады.

Прыём дакументаў

Прыём дакументаў у ВНУ пачнецца з 20 ліпеня, падкрэсліў Петрышэнка. І на гэтым этапе будзе яшчэ адна асаблівасць.

"Абітурыенты змогуць выкарыстоўваць электронныя кабінеты. Яны будуць даступны практычна для кожнай ВНУ. Кожны, хто паступае, зможа ўнесці неабходную інфармацыю, а прыёмныя камісіі арганізуюць папярэдні запіс абітурыентаў для асабістага наведвання ВНУ з мэтай непасрэднай падачы арыгіналаў дакументаў", - канстатаваў намеснік прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка.

Петрышэнка таксама адзначыў, што ў гэтым годзе будзе працягнуты на 2 дні тэрмін прыёму дакументаў у ВНУ на сельскагаспадарчыя спецыяльнасці - да 28 ліпеня.

План набору ў 2021 годзе

Прыём абітурыентаў у гэтым годзе будзе весціся ў 50 ВНУ і 110 каледжах. У вышэйшыя навучальныя ўстановы плануецца набраць каля 55 тысяч чалавек, бюджэтнікамі стануць 27 800 чалавек. ССНУ возьмуць 39 тысяч чалавек, больш за палову - на бюджэт.
Чытайце таксама:
Мінадукацыі падвяло прамежныя вынікі ЦТ-2021
Прышчэпкі ці каранцін: як замежныя студэнты змогуць уехаць у Расію
Больш за трэць беларусаў вучацца ў ВНУ Расіі бясплатна