МІНСК, 14 ліп - Sputnik. Непагадзь пакінула без святла 64 населеных пункты Беларусі, пераважна пад удар стыхіі трапілі Брэсцкая, Мінская, Гродзенская і Віцебская вобласці, паведаміла прэс-служба МНС.
За мінулыя суткі былі пашкоджаны дахі ў сельскагаспадарчым будынку і трох жылых дамах. Таксама парушалася электразабеспячэнне ў 64-х населеных пунктах. Адключэнні аператыўна ліквідаваліся аварыйнымі брыгадамі.
Акрамя таго, МНС зафіксавала восем выпадкаў, калі дрэвы падалі на праезныя часткі і прыватныя падворкі.
Ратавальнікі разам з іншымі арганізацыямі прыбіралі паваленыя дрэвы. Пацярпелых у выніку разгулу стыхіі няма. Вядуцца аднаўленчыя работы.
Сіноптыкі вынеслі на сераду штармавое папярэджанне ў сувязі з навальніцамі, моцнымі ліўнямі і шквалістым узмацненнем ветру парывамі да 15-20 метраў у секунду. А МНС дало рэкамендацыі, як сябе паводзіць у такім выпадку.