МІНСК, 16 ліп – Sputnik. Праца першага энергаблока БелАЭС адновіцца пасля дэталёвай дыягностыкі ўсіх сістэм і тэхналагічных вузлоў турбагенератара, заявіў кіраўнік Мінэнерга Віктар Каранкевіч.
У панядзелак спрацавала аўтаматычная абарона генератара на першым энергаблоку БелАЭС, у выніку чаго ён быў адключаны ад сеткі.
Па словах Каранкевіча, рэактарная ўстаноўка была разгружаная да мінімальнай магутнасці (1%) без спрацоўвання аварыйнай абароны, прытым электразабеспячэнне спажыўцоў не парушалася. Радыяцыйнае становішча на АЭС і ў зоне назірання не змянялася.
"З улікам таго, што абсталяванне турбагенератара працавала пры тэмпературы каля 300°, неабходны пэўны час для яго расхалоджвання, каб спецыялісты маглі прыступіць да высвятлення прычын спрацоўвання абароны і іх ліквідацыі", - прыводзіць словы Каранкевіча прэс-служба Міністэрства энергетыкі.
Кіраўнік ведамства адзначыў, што трэба будзе дэталёвая дыягностыка ўсіх сістэм і тэхналагічных вузлоў турбагенератара, пры гэтым працы выканаюць паэтапна.
"Па іх завяршэнні блок будзе зноў уключаны ў працу", - рэзюміраваў міністр.
Беларуская АЭС
Атамную электрастанцыю ў Астраўцы будуюць па расійскім праекце "ВВЭР-1200", які адпавядае ўсім нормам бяспекі МАГАТЭ.
БелАЭС складаецца з двух энергаблокаў, магутнасць кожнага будзе 1200 МВт. Фізічны пуск першага энергаблока адбыўся ў жніўні 2020-га, у агульную энергасістэму краіны яго ўключылі ў лістападзе.
У снежні першы рэактар пачаў працу на палову сваёй магутнасці, на поўную ён запрацаваў 12 студзеня 2021-га. Працы па ўзвядзенні другога энергаблока знаходзяцца на завяршальнай стадыі, яго агульная гатоўнасць - 85%. Увод у эксплуатацыю другога блока чакаецца ў першым паўгоддзі 2022 года. У красавіку бягучага года на БелАЭС былі дастаўлены цеплавыдзяляльныя зборкі з ядзерным палівам, якое будзе загружана ў другі рэактар. Яго фізічны пуск запланаваны на восень.
Чытайце таксама:
Першы блок БелАЭС адключаны ад энергасістэмы
Місія МАГАТЭ: Беларусь - прыхільніца ўмацавання рэжыму ядзернай бяспекі
Лук'янаў: праект будаўніцтва БелАЭС - вельмі сур'ёзны для Расіі
Кіраўнік місіі МАГАТЭ пракаменціраваў наведванне БелАЭС
Галоўчанка зацвердзіў акт прыёмкі ў эксплуатацыю першага энергаблока БелАЭС