Свята-конкурс "Матчыны кросны" адкрылася парадам рушнікоў, у якім узялі ўдзел каля двухсот чалавек.
У "Матчыных кроснах" звычайна прымаюць удзел прадстаўнікі ўсіх раёнаў Мінскай вобласці.
Сёлета яно было надзвычай маштабным.
Галоўная яго мэта – адраджэнне і захаванне традыцый нацыянальнага мастацтва.
А таксама ўдасканаленне майстэрства народных умельцаў, захаванне лепшых рэгіянальных узораў ткацтва.
Тут абавязкова ладзяць выставу-конкурс гатовых работ.
Таксама праводзяць конкурс на хуткасць і якасць пры выкананні ткацтва.
Удзельнікі прадстаўляюць загадзя падрыхтаваныя вырабы, створаныя на працягу апошніх трох гадоў.
Беларускія майстры валодаюць рознымі тэхнікамі ткацтва, заснаванымі на народных традыцыях.
Свята спрыяе далучэнню дзяцей і моладзі да заняткаў беларускім народным ткацтвам.
Канцэрты, выставы-кірмашы майстроў народнай творчасці, інтэрактыўныя пляцоўкі і майстар-класы па розных відах рамёстваў, фотавыставы, этнапляцоўкі - гэта ўсё тут, у Старых дарогах.
Ткацтва на Старадарожчыне здаўна было адным з самых распаўсюджаных рамёстваў.
Гурткі па ткацтву працуюць пры Старадарожскім і Паставіцкім сельскіх Дамах культуры, раённым Цэнтры рамёстваў.
Свята-конкурс "Матчыны кросны" ужо даўно стала адным з брэндаў Старадарожскага раёна.