МІНСК, 21 вер - Sputnik. Новую праграму добраахвотнага пенсійнага страхавання плануюць увесці ў Беларусі, праект указа прэзідэнтам у цэлым быў ухвалены.
Міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч распавяла, што доля беларусаў, якія ўдзельнічаюць у праграме добраахвотнага пенсійнага страхавання, невялікая, - каля 5%. Прычым далёка не ўсе ідуць на такі крок самастойна, як правіла, гэты варыянт прапаноўваюць наймальнікі, уключаючы адпаведную магчымасць у сацпакет.
Новую сістэму добраахвотнага пенсійнага страхавання плануюць зрабіць больш прывабнай для беларусаў, якія загадзя вырашаць падумаць аб сваёй пенсіі. Зараз работнікі аплачваюць абавязковы 1% ад заработнай платы ў пенсійны фонд, прапануецца выплачваць дадатковы ўнёсак на назапашвальную пенсію ў памеры да 10% заробку.
Кожны зможа вызначыць самастойна, які працэнт выбраць (але не больш за 10%). Разам з гэтым працадаўца абавязаны рабіць даплаты, супамерныя узносах работнікаў. Да прыкладу, калі чалавек абярэ дадатковы ўнёсак у памеры 1%, 2% або 3%, то наймальнік дадае такі ж працэнт. Калі ж чалавек абярэ 4% і вышэй (але не больш за 10%), то наймальнік усё роўна будзе дадаваць 3%.
Што зменіцца для працадаўцы?
Ірына Касцевіч падкрэсліла, што пры гэтым нагрузка на наймальніка не павялічыцца: працэнт работнікам будзе адлічвацца са сродкаў, прадугледжаных на абавязковы ўнёсак у бюджэт ФСАН (ён складае 28%. Гэта значыць 3% сыдзе работніку на яго дадатковае пенсійнае страхаванне, а 25% адправіцца ў ФСАН).
Міністр працы таксама дадала, што за чалавекам будуць захоўвацца і пенсійныя гарантыі з боку дзяржавы. Гэта значыць, адпраўляючы невялікі працэнт на сваю будучую пенсію, работнік загадзя стварае сабе дадатковы даход у старасці.
"Думаю, у бліжэйшы час праект указа будзе падпісаны", - цытуе БелТА Ірыну Касцевіч.
Ці неабясцэняцца грошы?
Лагічнае пытанне, як назапашаныя за столькі гадоў грошы зберагуць ад абясцэньвання? На гэта міністр працы і сацыяльнай абароны адказала, што пэўныя рызыкі ўсё ж існуюць. Таму ў ведамстве мяркуюць, што такая сістэма хутчэй выкліча цікавасць у тых, каму да пенсіі засталося каля дзесяці гадоў.
Аб пенсіі з маладых гадоў
Развіццё пенсійнай сістэмы сёння абмяркоўвалі на нарадзе ў прэзідэнта.
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, пенсіі ў краіне павышаюцца пры кожнай магчымасці. Зараз у рэспубліцы пражываюць больш за 2,5 млн пенсіянераў, прыкладна 510 тысячаў - працягваюць працаваць. На пенсіі ў Беларусі выдаткоўваецца амаль трэць выдаткаў бюджэту краіны - каля 15 млрд рублёў.
Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што аб нармальнай пенсіі ў старасці трэба паклапаціцца загадзя - праз сістэму добраахвотнага пенсійнага страхавання.