МІНСК, 24 вер - Sputnik. Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей папярэдзіў, што санкцыйная палітыка ў дачыненні да беларускага калійнага сектара можа ў тым ліку прывесці да зніжэння ўраджайнасці і росту цэн на харчаванне ў свеце. Пра гэта ён заявіў у выступленні на саміце ААН па харчовых сістэмах, перадае БелТА.
Дыпламат нагадаў, што Беларусь уносіла важкі ўклад у баланс глабальнай харчовай бяспекі, экспартуючы аграрную прадукцыю ў больш чым 100 краін.
"Аднак бяздумны санкцыйны ціск заходніх краін на Беларусь ставіць пад пагрозу глабальную харчовую бяспеку. Ва ўмовах каронавіруснай пандэміі вынікі санкцыйнай палітыкі набываюць далёка не вясёлкавыя перспектывы ў галіне развіцця і барацьбы з голадам ў свеце", - сказаў Макей.
І дадаў, што адсутнасць на сусветным рынку беларускіх калійных удабрэнняў, якія займаюць каля 20%, "апрыёры вядзе да значнага зніжэння ўраджайнасці ў сельскай гаспадарцы".
"Дэфіцыт калійных удабрэнняў на сусветным рынку прагназуема прывядзе да росту іх коштаў і, як следства, да росту коштаў на прадукты".
Беларусь заклікае адмовіцца ад рэстрыкцыяў, якія не толькі супярэчаць палажэнням Статута ААН і рэзалюцый Генеральнай Асамблеі ААН па аднабаковым прымусовым мерам, але і міжнародным абавязацельствам, у тым ліку ў рамках выканання Парадку дня ў галіне ўстойлівага развіцця на перыяд да 2030 года.
"На фоне таго факту, што амаль два мільярды чалавек у свеце не даядаюць, недапушчальна выкарыстанне харчавання ў якасці інструмента палітычнага ціску і эканамічнага шантажу", - падкрэсліў кіраўнік беларускага МЗС.
Кіраўнік знешнепалітычнага ведамства, успомніўшы пра наступствы пандэміі COVID-19 і павелічэнні маштабаў голаду, заявіў аб магчымым пагаршэнні сітуацыі на фоне іншых выклікаў сучаснасці.
"Наяўнасць выбуханебяспечнага канфліктнага патэнцыялу ў розных кропках свету, кліматычныя змены, якія пагражаюць, пагаршаюць харчовы крызіс і ўзмацняюць ўразлівасць нацыянальных харчовых сістэм", - сказаў Уладзімір Макей.
Нацыянальная бяспека Беларусі
Паводле яго ацэнак, у Беларусі нацыянальная харчовая бяспека забяспечваецца ў поўнай меры: у глабальным рэйтынгу рэспубліка займае 23-е месца ў свеце. У краіне прынята Дзяржаўная праграма аграбізнесу на 2021-2025 гады, якая прадугледжвае развіццё экалагічна чыстай сельскай гаспадаркі. Асаблівая ўвага надаецца развіццю арганічнага земляробства.
Акрамя таго, з 2018 года ў Беларусі дзейнічае закон аб вытворчасці і перапрацоўцы арганічных прадуктаў.
"Гэта забяспечвае паўнавартаснае харчаванне і здаровы лад жыцця насельніцтва краіны", - адзначыў Макей.
Дыпламат пацвердзіў, што пры наяўных выкліках і рызыках Беларусь мае намер падтрымліваць нацыянальныя дасягненні па праграме Мэтаў устойлівага развіцця ў частцы ліквідацыі голаду і выканаць Парадак дня ў галіне ўстойлівага развіцця.