У пачатку верасня "бабіна лета" квяцістым паўшоўкам лягло на плечы, пацешыўшы напаследак цяплом і сонцам. Але надышлі восеньскія халады і, зазірнуўшы ў народны каляндар, разумееш, што у прыроды ўсё па плану.
Сямейныя клопаты
Сярэдзіна месяца багата адметнымі днямі, якія вызначалі пэўныя тэрміны земляных работ. Абапіраючыся на іх, земляроб планаваў сваё жыццё, у якім было месца не толькі для працы, але і для адпачынку. 21 верасня святкавалі Нараджэнне Прасвятой Багародзіцы або Другой Прачыстай. Да гэтага часу імкнуліся "выбраць" бульбу, моркву, буракі і іншую гародніну: "Прыйшла Першая Прачыстая – поле чыстае, Другая прыйшла - усю гародніну падняла".
З Другой Прачыстай заканчвалася асноўная пара сельскагаспадарчых клопатаў. У Гарадоцкім раёне, што на Віцебшчыне, з гэтай нагоды казалі: "На адну Прачыстую сачні пякі і грязна хадзі, а на другую Прачыстую бліны пякі і чыста хадзі".
Сачні з тварагом
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Адзначалі, што паміж дзьвюма Прачыстымі адлятаюць гусі, буслы, жураўлі: "Бусел улетаіць разам з жоравам. Жораў першы ляціць, а патом гусі, а патом бусел. Сем’і павыгадуюць – дзяцей сваіх, абучуць іх лятаць... Каторы слабенькі, яны яго больш кормяць, каб ён акрэп... Бусел і гусі астанаўліваюцца і жыруюць, а жораў не, ён з места і да места ляціць, за то яны і падаюць".
"Нюхаўка і плюхаўка"
На Першую і Другую Прачыстую па ўсёй Беларусі ладзілі кірмашы, дзе прадавалі гародніну і іншыя тавары. Гэта былі "вялікія ярмаркі", дзе можна было не толькі прадаць, набыць патрэбнае, але і павадзіць карагоды, патанцаваць.
Дарэчы ў Полацкім раёне танцы пасля кірмашоў наладжвалі ў "народных дамах", якія да 1914 года былі дзяржаўнымі і былі падобны да цяперашніх Дамоў культуры. Вось дзе была нагода для моладзі прыгледзець сабе пару!
Ад Другой Прачыстай пачыналася пара сватання і вяселляў. У Полацкім раёне гэты час называлі "нюхаўка і плюхаўка". Плюхаўка, гэта калі занадта ганарыстаму хлопцу не спадабалася ні адна з дзяўчат, і ён, плюнуўшы, сышоў з танцаў. А нюхаўка, гэта калі хлопец "вынюхаў" сабе "красівую ў эта ўрэмя".
Бабіна лета
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Цікава, што ў Віцебскім Падзвінні па народных уяўленнях не ў Спасаўку, а паміж Прачыстымі павінна адбыцца Рабінавая ноч. Чакалі вялікую і небяспечную навальніцу з маланкамі і грымотамі, падчас якой выварочваліся з каранямі дрэвы і, часам, зносіла стрэхі з хат. Лічылася, што пасля гэтай ночы канчаецца лета, маўляў, "рабінавая ноч далжна праізайсці, а тады ўжо ціха будзець". "Рабінавай ноччу" называлі тут і першую шлюбную ноч маладых: "Ну, сягоні ў іх будзець рабінавая ноч, будуць абнімацца, цалавацца ўсю ноч".
Таксама завяршэннем лета лічылі і прысвятак Тадора, які адзначалі 24 верасня, следам за астранамічным восеньскім раўнадзенствам: "На Тадору ўсялякае лета канчаецца". Жанчыны пачыналі рыхтавацца да прадзіва і ткацтва, але перш збіраліся разам, каб дамовіцца, у якой хаце і па якіх днях можна будзе ладзіць "вячоркі" для моладзі. Сабраўшыся на гутарку, жанчыны, асабліва тыя, якія мелі дачок на выдані, наладжвалі пасядзелкі, спявалі і частаваліся смачнымі стравамі са свежай гародніны.
Прапаную вам стравы народнай кухні, якія раней заўсёды былі на стале нашых продкаў.
Бабка бульбяная з грыбамі
З чаго гатаваць:
1,2 кг бульбы,
100-150 г свежых або 60 г сухіх грыбоў,
2 цыбуліны,
1 ст лыжка мукі,
1 ст лыжка свінога тлушчу,
50г сала,
3 ст лыжкі смятаны,
соль,
насенне кропу або каляндры.
Як гатаваць. Свежыя грыбы зварыць, нарэзаць саломкай, абсмажыць на сале, дадаць смятану, соль, кроп, патушыць 5-10 хвілін. Калі няма свежых, бяруць сухія грыбы, якія загадзя замачваюць і робяць тое самае, што і са свежымі.
Бульбу абабраць, надраць на тарцы, дадаць растоплены тлушч, грыбы з цыбуляй перамяшаць. Падрыхтаваную масу выкласці ў гліняны гаршчок або чыгунок, змазаны тлушчам, накрыць крышкай і запячы ў гарачай духоўцы да ўтварэння залатой скарынкі каля гадзіны.
Гатуем бабку з грыбамі
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Сачні з тварагом
З чаго гатаваць:
1 кг бульбы,
4-5 ст лыжак мукі,
2 яйкі,
200-250 г тварагу,
150 г масла,
соль.
Як гатаваць. Бульбу зварыць у лупінах, абабраць, патаўчы пакуль гарачая. Дадаць муку, адно яйка, соль, старанна перамяшаць. Сфармаваць аладкі, распляскаць, на сярэдзіну пакласці начынку з тварагу, змяшанага з яйкам, краі зашчыпаць. Сачні ўкачаць у муку і абсмажыць з абодвух бакоў на вяршковым масле, у якое можна дадаць крыху алею.
Падаць гарачымі з растопленым маслам або смятанай.
Бульба ў мундзіры
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская