МІНСК, 3 кас - Sputnik. Супрацоўнікі памежнай службы Польшчы за мінулыя суткі спынілі амаль 400 спробаў незаконнага пераходу мяжы з Беларуссю, паведамілі прадстаўнікі ведамства.
Як паведамляе польская пагранслужба, 2 кастрычніка ў краіне зафіксавалі 398 такіх выпадкаў.
Пры гэтым было затрымана 29 мігрантаў: 24 з іх грамадзяне Ірака, трое з Сірыі, а астатнія - з Лівана.
Таксама польскія памежнікі затрымалі і траіх "правадыроў" - гэта грамадзяне Украіны, Германіі і Сірыі. Паведамляецца, што яны дапамагалі нелегалам пераходзіць мяжу.
Нагадаем, 1 кастрычніка польскі Сейм падоўжыў надзвычайнае становішча ў памежных з Беларуссю рэгіёнах з-за наплыву мігрантаў.
НС на польска-беларускай мяжы
Рэжым надзвычайнага становішча на мяжы з боку Польшчы дзейнічае з верасня ў двух ваяводствах Польшчы - Падляскім і Люблінскім, ён закранае амаль 200 населеных пунктаў.
Рашэнне выклікана міграцыйным крызісам і заснавана на "асаблівай пагрозе бяспецы грамадзян і грамадскага парадку, звязанай з бягучай сітуацыяй на дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Польшча з Рэспублікай Беларусь", паведамлялі польскія ўлады.
Міграцыйны крызіс
Сітуацыя на межах Беларусі з Літвой, Латвіяй і Польшчай стала абвастрацца са жніўня бягучага года. Суседнія краіны пачалі затрымліваць сотні мігрантаў на рубяжах з Беларуссю.
Да прыкладу, у 2020 годзе ў Літву праз мяжу з Беларуссю незаконна патрапілі 74 чалавекі, у гэтым - ужо больш за 4,1 тысячы мігрантаў. Большасць з іх - грамадзяне Ірака. За імі ідуць выхадцы з Сірыі, Конга, Камеруна. З прынятых Літвой мігрантаў афганцаў менш за 100 чалавек, паведамляе дэпартамент статыстыкі Літвы.
Улады суседніх еўрапейскіх краін на фоне павелічэння патоку бежанцаў пачалі будаўніцтва загарод, закліканых перашкодзіць пранікненню нелегалаў на тэрыторыю ЕС.
Пры гэтым беларускія памежнікі паведамляюць пра "бесчалавечныя метады" выцяснення мігрантаў з суседніх краін.
У нядаўнім інтэрв'ю амерыканскаму тэлеканалу CNN Аляксандр Лукашэнка заявіў, што беларускі бок прапаноўваў мігрантам вярнуцца да маразоў у Беларусь, але тыя не хочуць, і нагадаў, што ў Еўрасаюз выхадцы з краін Блізкага Усходу і Афрыкі імкнуцца не толькі праз Мінск, але і па іншых каналах: Іспанію, Італію, Грэцыю.
Раней, пасля чарговага пакета санкцый Захаду ў дачыненні да Мінска, прэзідэнт Беларусі заявіў пра тое, што краіна не будзе стрымліваць паток мігрантаў - на гэта няма "ні грошай, ні сіл".