Міхаіл Мясніковіч стаў акадэмікам

Мясніковіч зрабіў паспяховую навуковую кар'еру - ён доктар эканамічных навук, прафесар і член-карэспандэнт НАН.
Sputnik
МІНСК, 26 кас – Sputnik. Старшыні калегіі ЕЭК Міхаілу Мясніковічу прысуджана званне акадэміка Міжнароднай асацыяцыі акадэмій навук, паведамілі ў прэс-службе камісіі.
"Дыплом і адпаведная атрыбутыка будуць уручаны кіраўніку калегіі ЕЭК на чарговым пасяджэнні Савета Міжнароднай асацыяцыі акадэмій навук у Маскве", - гаворыцца ў паведамленні.
Усяго Міжнародная асацыяцыя акадэміі навук аб'ядноўвае 26 арганізацый з 16 краін, у тым ліку 16 нацыянальных акадэмій навук. У складзе МААН дзейнічаюць 23 навуковыя саветы.
Пасаду старшыні калегіі ЕЭК Мясніковіч заняў у пачатку 2020-га. Сваю асноўную працоўную дзейнасць Мясніковіч пачаў у 1973 годзе: прыйшоў пасля службы ў арміі працаваць на "Мінскводаканал".
Праз 11 гадоў ён быў прызначаны намеснікам старшыні Мінгарвыканкама і курыраваў жыллёва-камунальную гаспадарку беларускай сталіцы. У гэтыя гады ў яго пачынае паспяхова складвацца і партыйная кар'ера - у 1985-1986 гадах ён сакратар Мінскага гаркама КПБ. А наступныя амаль пяць гадоў ён працаваў на пасадзе міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі БССР.
Потым Мясніковіч займаў пасаду намесніка прэм'ер-міністра, а з 1995 па 2001 год быў кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта. Амаль шэсць год ён кіраваў НАН Беларусі.
Пасля выбараў прэзідэнта 2010 года Мясніковіч быў прызначаны кіраўніком урада. Прэм'ер-міністрам ён прабыў роўна 4 гады - з 28 снежня 2010-га па 27 снежня 2014 года. Без пасады Мясніковіч знаходзіўся нядоўга - ужо 16 студзеня 2015 года яго абралі старшынёй Савета Рэспублікі Нацыянальнага схода пятага склікання.
Мясніковіч зрабіў і паспяховую навуковую кар'еру - ён доктар эканамічных навук, прафесар і член-карэспандэнт НАН. Напісаў шэраг манаграфій, навуковых прац і публікацый у галіне эканомікі, міжнароднай інтэграцыі і дзяржаўнага будаўніцтва. Падрыхтаваў траіх кандыдатаў навук.
Мясніковіч расказаў, якую сферу эканомікі пандэмія абыйшла бокам
Чытайце таксама:
Мясніковіч расказаў пра эканоміку ЕАЭС і прыцягненне інвестыцый
Мясніковіч: каронавірус праверыць на трываласць ЕАЭС
ЕЭК перабудавала сваю работу, каб процідзейнічаць каронавірусу