Лукашэнка аб каронавірусе: мы спаўзлі з вяршыні

Некалькі тыдняў таму кіраўнік дзяржавы, апісваючы сітуацыю з чарговым уздымам захворвання, гаварыў, што ёсць асцярожны аптымізм, а медыкі і пацыенты "абавязкова прарвуцца".
Sputnik
МІНСК, 5 ліс — Sputnik. Узровень захворвання на каронавірус у Беларусі зніжаецца, заявіў у пятніцу прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка, адкрываючы новы кардыяцэнтр Магілёўскай абласной бальніцы.
"Мы не проста спаўзаем з той вяршыні, на якую ўзняліся, а ўжо спаўзлі. Мы ўжо ў многіх абласных цэнтрах вяртаем ложкі, якія былі аддадзены пад кавід", - сказаў кіраўнік дзяржавы, яго цытуе БелТА.
Нагадаем, наведваючы 26 кастрычніка Лідскую ЦРБ, прэзідэнт заўважыў, што, паводле яго інфармацыі, сярэднетыднёвы прырост новых выпадкаў заражэння знізіўся ў паўтара разы, а колькасць выпісаных са стацыянара пацыентаў павялічылася на 6,4%. Праз некалькі дзён Міністэрства аховы здароўя заявіла, што інтэнсіўнага зніжэння захворвання няма, але ёсць невялікая стабілізацыя.
"Колькасць выпісаных больш, чым колькасць паступаючых пацыентаў. І абнадзейвае тое, што крыху менш паступае пацыентаў з пнеўманіямі", - заявіў тады міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч.
Паводле звестак ведамства, у трох абласцях краіны эпідэміялагічная сітуацыя дазваляе паэтапна выводзіць некаторыя аддзяленні з так званага "кавіднага рэжыму".

"Маскі - гэта ваша справа"

У час візіту ў Магілёў беларускі лідэр зноў заклікаў беларусаў берагчы сваё здароўе і выказаўся аб нашэнні масак.
"Беражыце сябе, усё залежыць ад вас. Маскі, рэспіратары - гэта ваша справа. Мы вас прымушаць не будзем. Але памятайце, што перш за ўсё вы творцы свайго здароўя", - падкрэсліў Лукашэнка, яго словы прыводзіць БелТА.
Наконт неабходнасці нашэння масак і іншых сродкаў абароны ад каронавіруса прэзідэнт дадаў, што "ціснуць" нікога не будуць, але трэба расказваць і пераконваць грамадзян, што выкарыстанне сродкаў абароны неабходна.
Раней беларускі лідэр адзначаў, што ягонае жалезнае патрабаванне - нікога не прымушаць насіць маскі, пасля чаго Міністэрства аховы здароўя Беларусі 22 кастрычніка адмяніла абавязковае патрабаванне аб нашэнні масак у грамадскіх месцах.
Чытайце таксама:
У Беларусі дамінуе дэльта-штам: пацыенты маладзейшыя і "цяжэйшыя"
Міністэрства аховы здароўя: беларускую вакцыну ад каронавіруса падрыхтуюць для экспарту
"Я не ведаў, што гэта так цяжка": маналогі пацыентаў і ўрачоў з чырвонай зоны