МІНСК, 8 ліс – Sputnik. Беларускі спартсмен Ілья Шымановіч выйграў фінальны заплыў чэмпіянату Еўропы ў Казані на дыстанцыі 50 метраў брасам, паведамляе Sputnik.
Ён паказаў час 25,25 сэкунды. Другім стаў турак Эмрэ Сакі (25,39), замкнуў тройку лідэраў італьянец Нікола Марцінэнгі (25,54).
Такім чынам, для Шымановіча гэта ўжо трэці медаль, раней ён стаў уладальнікам золата на дыстанцыі 200 метраў брасам і срэбра ў заплыве на 100 метраў брасам.
Беларусь на чэмпіянаце прадстаўляюць Ілья Шымановіч, Анастасія Шкурдай, Аліна Змушко, Рыгор Пякарскі, Анастасія Каракоўская і Віктар Стасяловіч.
Чэмпіянаты Еўропы ў 25-метровым басейне праводзяцца па няцотных гадах. Беларускія плыўцы, як правіла, паказваюць нядрэнны вынік на "кароткай вадзе".
Ілья Шымановіч - прызёр чэмпіянатаў Еўропы і свету ў эстафеце і на 100-метровай дыстанцыі ў 25-метровым басейне, уладальнік сусветнага рэкорду ў гэтай дысцыпліне. Падчас летніх Алімпійскіх гульняў у Токіа беларус выйшаў у фінал, аднак у рашаючым заплыве стаў толькі восьмым.