МІНСК, 22 ліс — Sputnik. Беларусь рыхтуе другі рэйс для тых мігрантаў, якія пажадалі накіравацца на радзіму, заявіў у панядзелак прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.
Сёння кіраўнік дзяржавы прыняў з дакладам губернатара Гродзенскай вобласці Уладзіміра Караніка і свайго памочніка па гэтым рэгіёне Юрыя Караева, якія неаднаразова наведвалі лагер мігрантаў каля пункта пропуску "Брузгі".
Прэзідэнт адзначыў, што беларускі бок гатовы арганізаваць такі рэйс - калі знойдзецца дастатковая колькасць жадаючых паляцець дадому.
"Мы пастараемся зрабіць усё, чаго захочуць гэтыя людзі - бежанцы. Іх жаданні для нас закон. Хочуць вярнуцца ў Ірак, Сірыю - вы бачыце, мы арганізавалі рэйс. Яшчэ рэйс рыхтуем на канец месяца, калі набярэм гэтых людзей", - адзначыў Лукашэнка.
Як перадае карэспандэнт Sputnik, сёння ў лагеры мігрантаў сабралася яшчэ адна група бежанцаў, якія вырашылі адправіцца дадому. Яна пакуль малалікая, але мігранты ўжо вырашылі самастойна дабірацца да Мінска, каб чакаць рэйса з Беларусі.
Нагадаем, на мінулым тыдні ў Багдад з Мінска паляцеў першы рэйс з бежанцамі, якія выказалі жаданне вярнуцца дадому. Па іх у Беларусь прыляцеў самалёт Iraqi Airways. На борце было 430 чалавек. Для ўсіх бежанцаў пералёт быў бясплатным.