Як запальвалі агні на галоўнай ёлцы абласнога цэнтра і ўключалі навагодні настрой, глядзіце ў відэа Sputnik.
Парад Дзядоў Марозаў у Гродне – традыцыйнае і чаканае мерапрыемства, якое праводзяць у сярэдзіне снежня перад тым, як уключыць у горадзе святочную ілюмінацыю. Пятнічны парад здзівіў вялікай колькасцю ўдзельнікаў – іх сабралася больш за пяцьсот. З іх амаль усе аказаліся Марозамі і Снягуркамі. Напрыклад, у мінулыя гады шэсце прыкладна на траціну, а то і болей складалася з іншых казачных персанажаў.
Дзеці чакалі сустрэчы менавіта з Марозамі. Калі яны ішлі па пешаходнай Савецкай, калона расцягнулася на дзясяткі метраў, паток Дзядуль у чырвоных касцюмах здавалася, не скончыцца ніколі.
Наперадзе шэсця Марозаў ехала калона прыбранай тэхнікі. Праўда, яна ўжо не выклікала такога захаплення, як у мінулыя гады. Абчэпленыя каляровымі гірляндамі тралейбус, грузавік, пажарная машына або трактар "Беларус" ужо былі ў мінулыя гады.
У бягучым годзе Парад Марозаў змяніў традыцыйны маршрут і гэта заблытала гараджан. Раней калона ішла ад плошчы Савецкай да плошчы Леніна, па чарзе запальваючы агеньчыкі на ёлках. Сёлета ёлку на Леніна ўключылі на тыдзень раней. Стартавай кропкай шэсця стала пажарная каланча на скрыжаванні Замкавай і Вялікай Траецкай. Але з гэтага пункту стартавала толькі святочная калона машын, з-за якой прыйшлося на час перакрыць рух у і без таго перагружаным цэнтры Гродна. А Дзяды Марозы збіраліся на вуліцы Ажэшкі каля будынка аблвыканкама.
У выніку частка гледачоў прыйшла да каланчы, а потым адправілася даганяць калону машын, што ўжо ад’ехала раней, частка чакала Марозоў на плошчы Савецкай або ўздоўж пешаходнай вуліцы. З-за таго, што не ўсе ведалі аб стартавай кропцы шэсця Дзядоў Марозаў, яны змаглі спакойна пастроіцца і данесці да канца парада запасы цукерак у мяшках. У мінулыя гады большая частка прысмакаў разыходзілася яшчэ да пачатку парада.
На Савецкай плошчы спачатку запалілі агеньчыкі на галоўнай ёлцы, затым Дзядулі Марозы адправіліся гуляць па цэнтры і шукаць дзяцей, каб пачаставаць іх цукеркамі ў абмен на вершы. На сцэне праходзіў канцэрт, на плошчы працаваў Калядны кірмаш, дзе можна купіць сувеніры і пачастункі.
Падзарадзіцца навагоднім настроем гродзенцы могуць не толькі на Савецкай плошчы, але і ў парку Жылібера – на алеі крэатыўных ёлак, якая адкрылася 10 снежня.
Таксама на Sputnik:
Прадчуванне свята: у Мінску запалілася навагодняя ілюмінацыя – відэа
Дзеці мігрантаў упершыню ўбачылі Дзеда Мароза і Снягурку
Мінск у агнях: навагоднюю ілюмінацыю запалілі ў сталіцы – фота
Першае Раство Байдэнаў у Белым доме: як Джыл упрыгожыла рэзідэнцыю (фота)
Месяц да Каляд: кірмашы і шопінг у разгары