Пахмелле пасля бітвы: дэпутат Дзярждумы аб пратэстах у Казахстане і пазіцыі Захаду

Што стала прычынай масавых выступленняў у Казахстане? Якая роля міратворцаў, і што чакаць ад Захаду? На пытанні Sputnik адказаў Канстанцін Затулін, першы намеснік старшыні Камітэта Дзяржаўнай думы па справах СНД
Sputnik
"Сённяшнюю сітуацыю, пасля рашэння аб уводзе міратворцаў АДКБ, я б назваў пахмеллем пасля бітвы. А само рашэнне мае дэманстратыўны характар. Не лічым жа мы, што 3600 чалавек міратворчага кантынгенту змогуць кантраляваць шматмільённы Казахстан" - кажа Канстанцін Затулін.
Дэпутат падкрэслівае, што гэтае рашэнне было прапанавана прэзідэнтам Казахстана Касым-Жамартам Такаевым, каб "замацаваць тыя поспехі, якіх ён дасягнуў у барацьбе за спыненне двоеўладдзя і ўсю паўнату ўлады ў Казахстане. Менавіта Такаеў, які звольніў урад і ўсё кіраўніцтва спецслужбаў, цяпер мае патрэбу ў вонкавым прыкрыцці, каб не даць каму б там ні было разгайдаць сітуацыю ў адваротны бок".

"Не думаю, што Захад датычны да пачатку выступленняў"

Канстанцін Затулін лічыць, што падзеі апошніх некалькіх дзён відавочна не былі выпадковымі. І адбыліся яны, на думку палітыка, у нязручны для Расіі момант, калі прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін рыхтуецца да сустрэчы з прэзідэнтам ЗША Джозэфам Байдэнам, калі да крайнасці абвостраныя адносіны з Захадам у сувязі з Украінай.
"Вельмі лёгка зараз скаціцца да версіі, што гэта ўсё з самага пачатку - заходні сцэнарый, які адцягвае нашу ўвагу і аслабляе нашы пазіцыі ў дыялогу з Захадам, - кажа дэпутат Дзярждумы, - У нас ёсць эксперты, якія заўсёды з любой нагоды шукаюць руку Захаду – яны люстрана падобныя да тых заходніх экспертаў, якія ва ўсім шукаюць руку Масквы".
"Я лічу, што Захад - як калектыўны Захад, як сусветная субстанцыя, - безумоўна, прысутнічае ў любых падзеях у любым пункце зямнога шара. Але лічыць, што ўсё, што адбылося ў Казахстане, арганізавана па пстрычцы пальцаў з Бруселя і Вашынгтона - гэта значыць быць зашораным і некампетэнтным аналітыкам. Я не думаю, што Захад датычны да пачатку гэтых выступленняў", - кажа Канстанцін Затулін.

Аб закручаных і раскручаных гайках

"Думаю, што ўсё, што адбылося, носіць унутрыказахстанскі характар, і ў якасці прычын выступаюць недахопы ў сацыяльна-эканамічнай палітыцы. Нізкі ўзровень жыцця, наяўнасць іншых нагод для незадаволенасці. Закручаныя гайкі ва ўнутрыпалітычнай сферы, раскручаныя - у інтэрнэце і сферы грамадскіх сувязяў. Праз пальцы глядзелі на актывізацыю нацыянал-радыкалаў".
Дэпутат нагадаў, што ўлады давалі "гамерычныя тэрміны ўсім тым, хто заікнецца аб недахопах палітыкі Казахстана з прарасійскіх пазіцый і пры гэтым цалкам патэрналісцкі ставіліся да нацыянал-радыкалаў, якія разгойдвалі тэму "Казахстан толькі для казахаў"".
Адлюстраваннем гэтага, на думку палітыка, з'яўляўся "пэўны дрэйф" – пераклад казахскай мовы з кірыліцы на лацінку, змяненне моўнага закона, прасоўванне ідэі адзінай дзяржаўнай мовы (Згодна з часткай 2 артыкула 7 Канстытуцыі Казахстана, руская мова нароўні з казахскай (дзяржаўнай па частцы 1 таго ж артыкула) афіцыйна ўжываецца ў дзяржаўных арганізацыях і органах мясцовага самакіравання - Рэд.).

Роля міратворцаў і верагоднасць санкцый

Канстанцін Затулін упэўнены, што міратворцы не будуць займацца знішчэннем баевікоў, калі не ўзнікне вельмі неабходнасці: "Яны будуць проста дэманстратыўна прысутнічаць пры тым, як праваахоўнікі Казахстана, якія адрадзілі веру ў свае сілы, будуць спраўляцца з сітуацыяй.
Роля міратворчай аперацыі АДКБ, наколькі я разумею - дэманстратыўная. Каб сама іх прысутнасць сведчыла: улада Казахстана ў выпадку неабходнасці можа і атрымае дапамогу з боку АДКБ".
Шэраг заходніх аналітыкаў ужо загаварылі аб тым, што ўвод сіл АДКБ можа стаць прычынай для новага вітка антырасійскіх санкцый. Канстанцін Затулін упэўнены, што зараз фармальных падстаў для ўвядзення санкцый Захадам няма.
"Хіба ў заходніх краін узніклі падставы для ўвядзення санкцый за ўвод міратворцаў у Нагорны Карабах? Канешне не. Наадварот, на Захадзе гэта не тое каб публічна прывіталі, але падтрымалі гэтую ідэю.
Што тычыцца Казахстана, не думаю, што будзе размова ісці аб нейкай падтрымцы. У прапагандысцкім плане яны, вядома, будуць гэта абыгрываць, але фармальна падставы для санкцый няма. Улады краіны, якая знаходзіцца ў ваенна-палітычным саюзе АДКБ, звярнуліся ў АДКБ у адпаведнасць з яе статутам, і арганізацыя пайшла насустрач. Якія тут могуць быць нагоды для санкцый?
Іншая справа, што на Захадзе будуць шукаць сваю выгаду, будуць пэўным чынам настройваць сваіх агентаў уплыву. Не павінна быць сумневу: Захад будзе выкарыстоўваць у сваіх інтарэсах любую сітуацыю ў любой краіне" - заключае дэпутат.