Чырвоны ўзровень небяспекі: што вядома аб сітуацыі ў Казахстане раніцай пятніцы

Прэзідэнт краіны Касым-Жамарт Такаеў аб'явіў, што канстытуцыйны парадак у асноўным адноўлены ва ўсіх рэгіёнах, аднак контртэрарыстычныя акцыі павінны быць прадоўжаны да поўнай ліквідацыі пагрозы.
Sputnik
МІНСК, 7 сту - Sputnik. Усе будынкі акіматаў (мэрый) у Казахстане ўзяты пад кантроль сілавікоў, па ўсёй тэрыторыі краіны выстаўлены 70 блокпастоў, паведамілі ў прэс-службе МУС Казахстана.
Сітуацыя ў Казахстане, дзе пасля новага года ўспыхнулі масавыя пратэсты, да 7 студзеня застаецца напружанай. Па паведамленнях агенцтва Tengrinews, па ўсёй краіне ўведзены "крытычны чырвоны" ўзровень тэрарыстычнай небяспекі.
Ён дае спецслужбам права аглядаць грамадзян, іх асабістыя рэчы і транспартныя сродкі, абмяжоўваць ці забараняць іх рух; бесперашкодна пранікаць у жылыя і іншыя памяшканні; кантраляваць перамовы і атрымліваць доступ да іншай інфармацыі, якая перадаецца па каналах тэлекамунікацыйных сістэм.
Таксама гэта азначае поўную мабілізацыю і баявую гатоўнасць усіх сіл спецслужбаў і ўзмацненне рэжымных мер.

Снайперы і ўласная сувязь у тэрарыстаў

Па паведамленнях МУС краіны, у Казахстане ліквідаваны 26 удзельнікаў беспарадкаў, яшчэ 18 паранены, больш за 3 тысячы чалавек затрыманы.
Ёсць ахвяры і сярод праваахоўнікаў. Па афіцыйных дадзеных, вядома аб гібелі 18 сілавікоў, яшчэ 748 пацярпелі.
Раніцай на пасяджэнні контртэрарыстычнага штаба прэзідэнт краіны Касым-Жамарт Такаеў аб'явіў, што канстытуцыйны парадак у асноўным адноўлены ва ўсіх рэгіёнах краіны, а мясцовыя органы ўлады кантралююць сітуацыю.
"Але тэрарысты па-ранейшаму ўжываюць зброю, наносяць шкоду маёмасці грамадзян. Таму контртэрарыстычныя акцыі трэба працягваць да поўнага знішчэння баевікоў", - заявіў Такаеў.
Першы намеснік кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Казахстана Даўрэн Абаеў падкрэсліў, што пратэсты ў Казахстане спачатку насілі мірны характар, аднак пазней натоўп узначалілі бандыты і тэрарысты са зброяй.
"Бандыты займаліся марадзёрствам, а другая, арганізаваная група тэрарыстаў, ажыццяўляла кропкавыя напады на зброевыя крамы", - заявіў Абае ў эфіры тэлеканала "Хабар 24".
Паводле яго слоў, людзі, якія супрацьстаялі сілавікам, дзейнічалі прафесійна, ёсць дадзеныя, што яны маглі выкарыстоўваць уласную сувязь. Захопнікі зрабілі некалькі спроб выйсці ў прамы эфір цэнтральнага тэлебачання. Абаеў таксама расказаў, што з боку тэрарыстаў "дзейнічалі снайперы са спецыяльнымі вінтоўкамі".

Міратворцы АДКБ, ААН і Блінкен

У Казахстан пачалі прыбываць падраздзяленні аб'яднанага міратворчага кантынгенту АДКБ, якія па запыце прэзідэнта краіны Такаева будуць садзейнічаць у навядзенні парадку. Гэты кантынгент прыбыў на абмежаваны перыяд часу, ён будзе скарыстаны для аховы стратэгічных аб'ектаў.
"Місія з'яўляецца міратворчай. Салдаты АДКБ не ўдзельнічаюць у баявых дзеяннях... Міратворцы АДКБ будуць выконваць прыкрыццё і ахоўныя функцыі", - заявіў Даўрэн Абаеў.
Ён падкрэсліў, што баявая частка аперацыі па зачыстцы Алматы 6 студзеня праводзілася сіламі падраздзяленняў "Арыстан", "Арлан", "Беркут" і міністэрствы абароны.
Членам СБ ААН афіцыйна разаслалі ліст генсека АДКБ Станіслава Зася, у якім той інфармуе аб правядзенні міратворчай аперацыі сіламі АДКБ на тэрыторыі Казахстана.
Паведамляецца таксама, што кіраўнік МЗС Казахстана Мухтар Тлеўбердзі правёў размову з дзяржсакратаром ЗША Энтані Блінкенам, у якой падрабязна расказаў аб контртэрарыстычнай аперацыі, якая праводзіцца з удзелам міратворчых сіл АДКБ.
У складзе кантынгенту АДКБ у Казахстан ужо прыбылі і беларускія вайскоўцы.
"Падраздзяленне даставілі на пяці самалётах Іл-76. У складзе - рота віцебскіх байцоў-дэсантнікаў. На месцы яны акажуць дапамогу ва ўрэгуляванні сітуацыі", - паведамляе тэлеканал "МИР 24".
Дапамогу па лініі АДКБ Казахстану дадуць таксама Расія, Арменія, Таджыкістан і Кыргызстан.

Падтрымка прадпрымальнікаў і зварот Такаева

Як паведамляе сэрвіс па маніторынгу блакіровак у СНД GlobalCheck, "Казахтэлекам" уключыў інтэрнэт у шэрагу рэгіёнаў Казахстана. Аднак у краіне да гэтага часу застаюцца праблемы з інтэрнэтам, галоўнай крыніцай навін з'яўляюцца цэнтральныя каналы.
Таксама працуе смс-рассылка ад уладаў. Так, у пятніцу раніцай казахстанцы атрымалі ад імя адміністрацыі прэзідэнта паведамленне наступнага зместу: "Паважаныя казахстанцы! Дзяржава акажа падтрымку суб'ектам МСБ (малога і сярэдняга бізнесу - рэд.), якія пацярпелі ў выніку дзеянняў экстрэмістаў".
У краіне дастаткова запасаў асноўных прадуктаў харчавання, перадае Sputnik Казахстан са спасылкай на казахстанскі мінгандлю. Падкрэсліваецца, што ствараюцца ўсе ўмовы для бесперабойнай пастаўкі прадуктаў харчавання і папярэджання спекуляцый.
Па паведамленнях СМІ, міжнародны аэрапорт Алматы не будзе працаваць як мінімум да 21:00 пятніцы. Беларуская авіякампанія "Белавія" ўжо адмяняла рэйсы Мінск-Алматы-Мінск на сераду і чацвер у сувязі з сітуацыяй у Казахстане.
Прэзідэнт краіны Касым-Жамарт Такаеў днём выступіць са зваротам да народа. Зварот будзе паказаны ў эфіры рэспубліканскіх каналаў.