МІНСК, 18 лют – Sputnik. Беларуска са швейцарскім грамадзянствам Наталля Хершэ сёння выйшла на волю, пра гэта паведаміў у сваім Twitter прэзідэнт Швейцарыі Іньяцыя Касіс.
Наталля Хершэ была прыгаворана да двух з паловай гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі. Увесь гэты час МЗС Швейцарыі дабівалася яе вызвалення.
Як стала вядома, сёння Наталля Хершэ выйшла на волю. Яе сустрэў брат, жанчына ўжо вяртаецца ў Швайцарыю.
"Наталля Хершэ выйшла на волю сёння пасля 17 месяцаў знаходжання ў Беларусі. Я рады, што дыпламатычныя намаганні Швейцарыі акупіліся", - напісаў Іньяцыо Касіс.
Хершэ затрымалі 19 верасня 2020 года. Паведамлялася, што каля аднаго з дамоў па вуліцы Я.Коласа ў Мінску яна аказала "актыўны супраціў, спалучаны з ужываннем гвалту".
Па версіі абвінавачання, жанчына адмовілася самастойна прайсці ў транспарт органаў унутраных спраў, вырывалася, упіралася нагамі ў зямлю, спрабавала схавацца і хапала супрацоўнікаў міліцыі за форму, а таксама зняла балаклаву, парвала яе і раздрапала твар праваахоўніку.
Вярхоўны суд Беларусі прызнаў Хершэ вінаватай у супраціве супрацоўніку органаў унутраных спраў пры выкананні ім абавязкаў па ахове грамадскага парадку, спалучаным з ужываннем гвалту.
На падставе ч.2 арт.363 Крымінальнага кодэкса ёй было прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 2 гады 6 месяцаў з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Таксама з абвінавачанай на карысць пацярпелага супрацоўніка спагнана кампенсацыя маральнай шкоды ў суме 1000 беларускіх рублёў.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь