Амаль завяршылася каляндарная зіма, але да сапраўднай вясны далёка як "да неба". На тыдні тры дні запар народныя метэаролагі пільна сачылі за надвор’ем, спрабуючы прадбачыць час надыходу сапраўднай цеплыні.
Так, 22 лютага "цёплы" Пятро абяцаў зіму да Вялікадня.
Вернай прыкметай хуткага надыходу вясны былі і ласіныя рогі, якія лясныя волаты быццам бы скідаюць 23 лютага на Прохара.
Аўлас, які надышоў следам, нагадаў пра 7 маразоў, якія заўсёды спадарожнічалі гэтаму нерухомаму ў народным календары святу ў гонар кароў і коней. Згодна з назіраннямі за надвор’ем павінна было быць тры маразы напярэдадні, адзін на само свята і тры пасля яго. А за Аўласам ужо і да вясны рукой падаць! Нават ёсць у народзе і адпаведная прымаўка: "Прыйшоў Прохар і Аўлас – скора вясна ў нас".
На той жа дзень у каталікоў прыпадаў прысвятак Мацей. У Свіслацкім раёне прыкмячалі:
"Калі на Мацея далонь спацея, то прадбачыцца добры год".
Ну, то няхай так і будзе, а калі якая неспадзяванка, дык няма чаго самім "спаць у шапку" і на неба спадзявацца! "Хто дбае, той і мае", – ускочыла на розум прымаўка. Я ж сёлета багатая на бульбу і таму захацелася на сняданак напячы ў бабулінай печы бульбяных аладак па яе рэцэптах.
Дзеруны ў чыгунку
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Дарэчы, ці ведаеце вы, хто такі дранічнік? Не, гэта не кухар, які спецыялізуецца на выпяканні дранікаў. Гэта майстар, які калісьці вырабляў дранку або драніцу – кровельны матэрыял з доўгіх вузкіх дошчачак. Без паслуг дранічніка не будавалася ні адна вясковая хата, пад лёгкім дахам якой гаспадыня пякла дранікі.
Дранікі, дзяронікі ці дзярбонікі?
Бадай няма чалавека, які б наведаўшы Беларусь не захацеў бы пакаштаваць аладак з дранай бульбы. Цяпер паўсюдна іх называюць дранікамі. Гатуючы іх, сучасныя кухары многіх вядомых рэстаранаў традыцыйнай кухні ганарацца сваімі "фірменнымі" рэцэптамі. Страва гэтая настолькі папулярная ў беларусаў, што яе па праву можна лічыць народнай, хоць карані яе, як сцвярджаюць гісторыкі, не тутэйшыя. Лічыцца, што адна з улюбёных беларусамі страў, прыйшла да нас праз яўрэяў у першай палове ХІХ стагоддзя з нямецкай зямлі. Але за дзвесце гадоў шляху па беларускіх прасторах, маленькія бульбяныя блінцы занялі сваё месца на беларускай кухні. Пры гэтым кожны рэгіён унёс нешта сваё не толькі ў рэцэптуру, але і ў назву гэтай стравы.
У народных гаворках і ў беларускіх слоўніках бульбяныя аладкі маюць розныя назвы. На Полаччыне гэта булябянікі і гульбішнікі, у Моталі – млынцы картоплёвы, у Пінскім раёне – картапляныя блінцы, у Століне – таўчэнікі (аладкі з варанай бульбы), у Гарадоцкім раёне – дзяронікі і дзярбонікі. Там і цяпер можна пачуць: "Паснедаў дзяронікамі". Агульна вядома і слова дзеруны.
Дзеруновая рэцэптура
Хоць у народзе і лічаць, што стравы з бульбы не пажыўныя – маўляў "бульбіну ці глынуў, ці мінуў" – ад дзяронікаў на маім вяку яшчэ ніхто не адмаўляўся.
Дзяронікі запечаныя з мясам
З чаго гатаваць:
1,2 кг бульбы,
0,5 шк. алею,
0,5 кг свінога фаршу,
3-4 буйных зубкі часнаку,
перац або каляндра,
соль.
Як гатаваць. Натаркаваць на тарцы абабраную бульбу, пасаліць. Моцна разагрэць патэльню з алеем і лыжкай выкладваць на яе бульбянае цеста, абсмажваючы з абодвух бакоў. Свіны фарш перамяшаць з соллю, перцам, молатай каляндрай і дробна пасечаным часнаком.
Аладкі пакласці ў чыгунок або жароўню, перакладаючы іх падрыхтаваным фаршам, і паставіць у духоўку на 20-25 хвілін пры t 180 градусаў. Калі запякаць дзяронікі ў печы, то пякуць іх у лёгкім духу гадзіну і болей, а перад запяканнем у гаршчок абавязкова дадаюць крыху вады.
Аладкі картапляныя з яблыкамі
З чаго гатаваць:
600 г бульбы,
2 яблыкі,
1 яйка,
100 г алею,
3 ст. л. мукі,
сода,
соль.
Як гатаваць. Натаркаваць абабраную бульбу, дадаць натаркаваныя яблыкі, яйка, соль, муку, соду і перамяшаць. Выпякаць аладкі на добра разагрэтай з алеем патэльні.
Падаваць са смятанай і павідлам.
Аладкі бульбяныя заварныя
З чаго гатаваць:
600 г бульбы,
1 шк. малака,
3-4 ст. л. мукі,
1 яйка,
сода,
соль.
Картаплянікі ў керамічным посудзе
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Як гатаваць. Натаркаваную бульбу адціснуць, уліць гарачае малако (заварыць). Дадаць яйка, муку, соль, соду і перамяшаць. Лыжкай выкладваць невялікія аладкі на гарачую патэльню з алеем і смажыць з абодвух бакоў.
Падаваць са смятанай.
Дранікі бульбяныя з мочанымі брусніцамі
З чаго гатаваць:
12 бульбін,
1 ст. л. мукі,
3 ст. л. алею,
0,75 шк. цукру,
200 г мочаных брусніц,
соль.
Як гатаваць. Натаркаваць абабраную бульбу, дадаць муку і соль, перамяшаць. Смажыць як аладкі. Мочаныя брусніцы адкінуць на дуршлаг. Расол пракіпяціць з цукрам, усыпаць у яго ягады і падаць да дранікаў.
Смачна есці!
Чытайце таксама:
Дзедаў тыдзень, або Нашы стравы ў памінальную суботу
Грамніцы, Агата і Вакула ў дапамогу: як зберагалі здароўе і гаспадарку нашы продкі
"Лянівы дзень" каля хатняй печы, або Лянуха на абед