МІНСК, 3 сак - Sputnik. Памёр палкоўнік у адстаўцы, апошні Герой Савецкага саюза, які жыў на тэрыторыі Беларусі, Іван Кустаў, паведаміла прэс-служба Мінабароны.
Куставу было 98 гадоў.
Мінабароны выказала спачуванні родным і блізкім Кустава.
"Асабліва балюча, калі сыходзяць з жыцця ветэраны. Светлая і добрая памяць аб Іване Ільічы назаўжды захаваецца ў сэрцах не толькі яго родных і блізкіх, але мільёнаў жыхароў Беларусі, удзячных герою за мірнае жыццё", - гаворыцца ў паведамленні.
Хто такі Кустаў
Будучы ваенны нарадзіўся 31 студзеня 1924 года ў вёсцы Манчаж Свярдлоўскай вобласці. Пасля таго як скончыў няпоўную сярэднюю школу, пайшоў працаваць у калгас.
У Чырвоную армію яго прызвалі ў жніўні 1942 года, на фронт Кустаў трапіў з кастрычніка.
Камандаваць узводам Кустаў пачаў у 19 гадоў, а пазней - ротай. "Залатую Зорку" і званне Героя Савецкага Саюза ён атрымаў у баі пры фарсіраванні ракі Піліцы ў Польшчы ў студзені 1945-га. Рота Кустава змагла прабрацца па тонкім лёдзе праз раку, захапіць і ўтрымліваць плацдарм да падыходу асноўных сіл.
Кустаў меў некалькі раненняў, узнагароджаны шматлікімі ордэнамі і медалямі.
Пасля вайны ён застаўся ў войску, а, выйшаўшы на пенсію, працаваў у інстытуце "Белпрампраект" начальнікам штаба грамадзянскай абароны.
>>> Больш актуальных і цікавых навін – у Telegram-канале Sputnik Беларусь