МІНСК, 13 сак - Sputnik. Індэкс спажывецкіх цэн на тавары і паслугі ў лютым вырас на 1,6% у параўнанні са студзенем, абноўленыя даныя паведамілі ў Белстаце.
Калі параўноўваць з лютым мінулага года, то гадавая інфляцыя зноў стала двухзначнай - 10,2%. Асобна па харчовай групе - 11,7%. Гэта вышэй за прагнозны паказчык на бягучы год. Нагадаем, па выніках мінулага года (у снежні) яна складала 9, 97%.
Што і наколькі падаражэла?
Прадукты харчавання ў мінулым месяцы падаражэлі ў Беларусі ў цэлым на 1,2% (у параўнанні са студзенем) і на 3,2% у параўнанні са снежнем 2021 года.
Нехарчовая секцыя падрасла ў цане на 0,5 працэнтнага пункта, калі параўноўваць са студзенем, і на 1,2 працэнта ў параўнанні са снежнем.
Паслугі за мінулы месяц падаражэлі на 3,7%.
Нагадаем, раней беларускія прафсаюзы правялі маніторынг цэн, што з прадуктаў найбольш падаражэла за месяц.
Мяркуючы па лютаўскай дынаміцы коштаў, у мінулым месяцы ў параўнанні са студзенем падаражэла некаторая "малочка" - смятана, кефір і сыры. У ФПБ удакладняюць: павышэнне нязначнае - на некалькі працэнтаў.
У той жа час кошт шматлікіх іншых тавараў захоўвалася практычна на ранейшым узроўні. Гэта датычыцца каўбас, пшанкі, курэй, маргарыну, пшанічнай мукі, цукру, солі, фруктовых сокаў, яек і тварагу. Некаторыя прадукты і зусім патаннелі: напрыклад, аўсянка і пярлоўка, жытні хлеб, раслінны алей і субпрадукты.
Даходы беларусаў
Паводле даных на 15 лютага 2022 года, рэальныя даходы беларусаў выраслі на 2% у 2021 годзе. Аднак гэта даныя з папраўкай на інфляцыю. У бягучым годзе закладзены такі ж рост.
Вялікі артыкул даходаў складаюць заробкі. У студзені (звесткі за люты будуць у канцы сакавіка) сярэдняя заработная плата склала 1477 рублёў 80 капеек. Па актуальным курсе валют на 12 сакавіка, гэта ўсяго толькі 449 долараў. У параўнанні са снежнем яна знізілася на 200 долараў (але і ў снежні быў іншы курс Нацбанка - Sputnik).
Прагнозы Нацбанка
Па выніках мінулага года ў Беларусі была зафіксавана інфляцыя, якая сур'ёзна перавысіла рамкі прагнозу: амаль 10% замест 5%. Аднак пікавыя значэнні тэмпаў росту коштаў пройдзеныя, зараз усё даражэе павольней, адзначаюць у Нацбанку.
"Пры гэтым была захавана пакупніцкая здольнасць даходаў насельніцтва. Ацэньваецца, што рэальныя наяўныя даходы насельніцтва па выніках 2021 года прыраслі амаль на 2%, рэальная заработная плата - больш чым на 4%", - казаў рэгулятар.
У гэтым годзе Нацыянальны банк прагназуе ўзровень росту цэн не больш як на 6%.
>>> Больш актуальнай інфармацыі - у Telegram-канале Sputnik Беларусь
Таксама на Sputnik:
Беларусь працягнула на паўгода забарону на вываз асноўных відаў збожжа з краіны
Сярэдні заробак у Беларусі сур’ёзна ўпаў і ў рублях, і ў доларах
МАРГ узмоцніць кантроль за цэнамі ў Беларусі