МІНСК, 15 сак - Sputnik. Суд Заводскага раёна Мінска абвясціў абвінаваўчы прысуд галоўнаму рэдактару газеты "Наша Ніва" Ягору Марціновічу і кіраўніку аддзела маркетынгу і рэкламы Андрэю Скурко.
Згодна з рашэннем суда яны прызнаны вінаватымі па ч. 2 арт. 216 Крымінальнага кодэкса - прычыненне маёмаснага ўрону без прыкмет крадзяжу, учыненае групай асоб па папярэдняй змове, у буйным памеры.
Кожнаму з іх суд прызначыў па два гады і шэсць месяцаў пазбаўлення свабоды з адбываннем пакарання ў калоніі агульнага рэжыму.
Судом таксама пастаноўлена ўлічыць у тэрмін пакарання час знаходжання Марціновіча і Скурко пад вартай з 18 ліпеня 2021 года з разліку дзень пад вартай як паўтара ў папраўчай калоніі.
Прыгавор суда неканчатковы і можа быць абскарджаны або апратэставаны ва ўстаноўленым парадку.
Як раней паведамлялася, Скурко і Марціновіч, будучы службовымі асобамі выдавецкага прадпрыемства, а апошні - яшчэ і яго ўласнікам, з мая 2017 года па чэрвень 2021 года размясцілі ў кватэры, якая належыць Скурко, офісы для ажыццяўлення прадпрымальніцкай дзейнасці. У крымінальнай справе размова ішла аб ухіленні ад выплаты камунальных паслуг у памеры больш за 10 тысяч рублёў. Як высветліла следства, абвінавачаныя плацілі камунальныя плацяжы як фізічныя асобы пры ажыццяўленні прадпрымальніцкай дзейнасці.
Пракурор падчас спрэчкі бакоў прасіў суд прызначыць абвінавачаным па 2 гады і шэсць месяцаў. Суд пагадзіўся з довадамі дзяржаўнага абвінаваўцы.
*У студзені 2022 года КДБ Беларусі прызнаў экстрэмісцкім фарміраваннем выдаўцоў сучаснай газеты "Наша ніва". МУС Беларусі ўключыла газету ў пералік арганізацый, фарміраванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці
>>> Больш актуальнай інфармацыі – у Telegram-канале Sputnik Беларусь