МІНСК, 16 сак - Sputnik. Беларуская валютна-фондавая біржа пачне праводзіць таргі кітайскім юанем, паведаміла Упраўленне інфармацыі і грамадскіх сувязей Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь.
Мэта новаўвядзення - павышэнне эфектыўнасці выкарыстання нацыянальных валют у знешнеэканамічных разліках за кошт зніжэння выдаткаў удзельнікаў валютнага рынку, растлумачыў рэгулятар.
Удакладняецца, што першыя таргі пройдуць 18 сакавіка, аперацыі будуць ажыццяўляцца па той жа схеме, якая дзейнічае пры правядзенні таргоў асноўнымі валютамі, якія ўваходзяць у кошык замежных валют, - у рэжыме бесперапыннага падвойнага аўкцыёну з разлікамі ў дзень заключэння здзелкі.
Нагадаем, у аўторак, 15 сакавіка, прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з кіруючым і аператыўным складам органаў дзяржбяспекі заявіў, што расійская і кітайская валюта стануць больш запатрабаванымі ў хуткім часе. На яго думку, хутка грамадзяне будуць змагацца за тое, каб у кішэні быў лішні расійскі рубель ці юань, а не долар.
"Бо з гэтымі краінамі мы ў асноўным будзем гандляваць", - удакладніў Аляксандр Лукашэнка.
Раней у панядзелак, 14 сакавіка, кіраўнікі ўрадаў Беларусі і Расіі Раман Галоўчанка і Міхаіл Мішусцін правялі ў Маскве перагаворы. Сярод рашэнняў, якія прыняты па выніках сустрэчы, - адмова ад долара ў разліках дзвюх краін за энергарэсурсы. Цяпер яны будуць ісці ў расійскіх рублях.
Адзначым, што ў Беларусі на фоне ўзрослага курсу долара і еўра ў некаторых банках уведзены валютныя абмежаванні. У банках валюта пакуль ёсць, купіць яе можна, а вось у Расіі - ужо нельга.
Тым часам на таргах у сераду беларускі рубель адужэў адносна долара і еўра.
>>> Больш актуальнай інфармацыі – у Telegram-канале Sputnik Беларусь