Wargaming закрывае бізнес у Беларусі і Расіі

На гэты момант вядучы распрацоўшчык гульняў у СНД закрывае студыю ў Мінску, бізнес у Расіі перададзены іншай кампаніі.
Sputnik
МІНСК, 4 кра – Sputnik. Вядучы распрацоўшчык гульняў у СНД Wargaming закрывае свой бізнес у Беларусі і Расіі, пра гэта гаворыцца на сайце кампаніі.
Як заявілі ў Wargaming, у апошнія два тыдні быў праведзены "стратэгічны агляд бізнес-аперацый па ўсім свеце". Пасля гэтага было прынятае рашэнне пакінуць Расію і Беларусь.
"Кампанія вырашыла, што не будзе валодаць або кіраваць бізнесам у Расіі і Беларусі і пакіне абедзве краіны", - гаворыцца ў заяве.
31 сакавіка Wargaming перадала свой бізнэс у Расіі іншай кампаніі – Lesta Studio (найбуйнейшы распрацоўшчык кампутарных гульняў у РФ), якая больш ніяк не звязана з Wargaming.
Акрамя таго, гаворыцца ў прэс-рэлізе, Wargaming не атрымаў ніякага прыбытку ад такой перадачы бізнэсу.
Офіс у Мінску зараз у працэсе закрыцця. У кампаніі запэўнілі, што падчас такой рэлакацыі і пераходнага працэсу ўсе гульні кампаніі будуць даступныя і ў Расіі, і ў Беларусі. Яны будуць кіравацца новымі ўладальнікамі.
"Мы дадзті максімальна магчымую выхадную дапамогу і падтрымку нашым супрацоўнікам, закранутым змяненнем", – дадалі ў кампаніі.

З беларускага бізнесу - у найбуйнейшую карпарацыю

Кампанія Wargaming - адзін з найбуйнейшых сусветных выдаўцоў і распрацоўшчыкаў на рынку free-to-play MMO. Гісторыя кампаніі пачалася ў 1998 годзе, калі беларус Віктар Кіслы і невялікая каманда айцішнікаў прыступілі да распрацоўкі свайго першага камерцыйнага праекту — гульні DBA Online. Яна выйшла ў 2000 годзе.
Пасля выпуску шэрагу вядомых камп'ютарных гульняў, сярод якіх Massive Assault, "Заселены востраў: Пасляслоўе", "Аперацыя "Баграціён"", Wargaming набывае сусветную вядомасць. У культавай анлайн-стратэгіі World of Tanks, выпушчанай у 2010 годзе, цяпер па ўсім свеце налічваецца больш за 160 млн прыхільнікаў (менавіта такая колькасць карыстальнікаў называла кампанія ў жніўні 2020 года).

Адток IT-кадраў

Аб рэлакейце сваіх супрацоўнікаў і бізнесаў з Беларусі кампаніі пачалі заяўляць яшчэ на фоне падзеяў у краіне пасля прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года. Беларускія IT-арганізацыі актыўна пераводзілі свой бізнес у розныя кропкі свету, шэраг краін аб'явіў выгадныя ўмовы, каб атрымаць каштоўныя IT-кадры.
У верасні 2020 года Wargaming заяўляў, што кампанія разглядала розныя варыянты рэлакейту, у тым ліку - за мяжу, але тады пакідаць Мінск не збіралася.
Цяпер IT-кампаніі ў Беларусі практычна спынілі набор новых супрацоўнікаў. Самыя буйныя фірмы або перавялі сваіх супрацоўнікаў на выдаленую працу або вывезлі каманды распрацоўшчыкаў за мяжу.
Многія заходнія кампаніі адмаўляюцца супрацоўнічаць з беларускімі IT-кампаніямі, таму што супраць фінансавага сектара рэспублікі ўведзены эканамічныя санкцыі з боку заходніх краін.
4 красавіка Аляксандр Лукашэнка на профільнай нарадзе прызнаў, што ў Беларусі назіраецца немалы адток кадраў з інфармацыйнай сферы за мяжу.
Ён даручыў "разабрацца з гэтымі айцішнікамі", каб стварыць роўныя ўмовы для ўсіх удзельнікаў рынку. Пры гэтым беларускі лідэр не раз абвінавачваў заходнія IT-кампаніі ў ініцыяванні беспарадкаў у рэспубліцы пасля правядзення прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года. Паводле яго слоў, многія супрацоўнікі Парка высокіх тэхналогій удзельнічалі ў поствыбарных пратэстах.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь