МІНСК, 25 кра - Sputnik. Тавараабарот Беларусі і Узбекістана трэба нарасціць мінімум да 500 мільёнаў долараў, заявіў кіраўнік беларускага ўрада Раман Галоўчанка на сустрэчы з калегам з Узбекістана.
Паводле інфармацыі Галоўчанкі, з 2017 года паказчык тавараабароту паміж дзвюма краінамі павялічыўся ў пяць разоў. Прэм'ер-міністр мяркуе, што гэта "паказчык дакладнага шляху".
Ён таксама лічыць, што Беларусі і Узбекістану трэба і далей працаваць над чым, каб як мінімум выйсці на абазначаную планку ў 500 мільёнаў долараў. Пры гэтым, Галоўчанка адзначае, што патэнцыял значна шырэйшы.
Што да попыту на рынку Узбекістана, то ён адзначаецца па ўсіх асноўных беларускіх экспартных пазіцыях, у тым ліку ў галіне машынабудавання. Беларусь таксама зацікаўлена ў павелічэнні паставак з гэтай краіны. У прыватнасці, краіна мае патрэбу ва ўзбекскай пражы, металах і садавінагароднінай прадукцыі.
"Неабходна прыняць рашэнне, якія формы выкарыстоўваць для нарошчвання тавараабароту. Гэта могуць быць і гандлёвыя дамы, і транспартна-лагістычныя цэнтры", - дадаў кіраўнік беларускага ўрада, яго цытуе БелТА.
Прэм'ер-міністр Узбекістана Абдула Арыпаў таксама абазначыў зацікаўленасць узбекскага боку ва ўмацаванні супрацоўніцтва з Беларуссю. Ён пагадзіўся з Раманам Галоўчанкам, што бакам трэба актывізавацца і нарасціць тавараабарот да 500 мільёнаў долараў.
У мінулым годзе паказчык узаемнага гандлю перавысіў 300 мільёнаў долараў і павялічыўся на 7,8% у параўнанні з 2020 годам. Экспарт беларускіх тавараў на рынак Узбекістана склаў 245,4 мільёна долараў і вырас на 3,3%. Сальда для Беларусі склалася станоўчае ў памеры 188,9 мільёнаў долараў.
Пастаўкі транспарту і кааперацыя
У Ташкенце зараз думаюць над аднаўленнем трамвайнага паведамлення. Беларусь жа гатова прадаставіць як комплексныя рашэнні з неабходнай інфраструктурай, так і паставіць рухомыя саставы.
"Калі такое рашэнне будзе прынята, то будзем разглядаць і магчымасць вытворчасці ва Узбекістане", - адзначыў Раман Галоўчанка.
Беларускі бок таксама зацікаўлены ў развіцці вытворчай кааперацыі.
Так, паводле слоў прэм'ер-міністра, Беларусь гатова развіваць праекты па выпуску сельскагаспадарчай, спецыяльнай, аварыйна-выратавальнай тэхнікі на базе беларускіх рашэнняў.
Ёсць сур'ёзныя далягляды і ў сферы сельскай гаспадаркі. У прыватнасці, беларускі бок мае прапановы па рэалізацыі сумесных праграм з Узбекістанам з выкарыстаннем беларускага вопыту і тэхналогій.
Паводле слоў прэм'ер-міністра, высокую актуальнасць мае і праект па вытворчасці антыбіётыкаў, якія пакуль не выпускаюцца ні ва Узбекістане, ні ў сумежных краінах. Сумеснае беларуска-ўзбекскае прадпрыемства "Белфарм" ужо інвесціравала ў арганізацыю выпуску гэтых сродкаў ва Узбекістане больш за 8 мільёнаў долараў.
Двухдзённы візіт
Кіраўнік беларускага ўрада 24 красавіка адправіўся ва Узбекістан для пошуку партнёраў у розных сферах. Разам з кіраўніком Саўміна рэспублікі прыляцела дэлегацыя, у якую ўвайшлі прадстаўнікі бізнесу і дзяржавы, і ў кожнага з іх свой пакет прапаноў. У топе інтарэсаў - пошук партнёраў у прамысловасці, фармацэўтыцы і іншых сферах.
Чакаецца, што Галоўчанка правядзе перамовы з узбецкім лідэрам, а таксама наведае бізнес-форум, адкрыццё дылерскага цэнтра МТЗ і міжнародную выставу "Іннапрам" і Тэхнапарк.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь