У травень будзе мужык управен, або Агародныя клопаты на Кузьму

Этнограф Ларыса Мятлеўская ўзгадвае пра забыты нашымі гаспадынямі пастарнак і прапануе рэцэт стравы з яго.
Sputnik
Першага мая - чырвоны дзень календара. Старэйшае пакаленне ўзгадвае шматлюдныя дэманстрацыі, якія ў савецкія часы запаланялі цэнтральныя вуліцы гарадоў. Удзел у гэтым шэсці ў выхадны дзень быў абавязковым, але ў большасці дэманстрантаў бацькі і сваякі жылі ў вёсцы. А тая, падпарадкоўваючыся спрадвечнаму клопату аб зямлі, жыла па сваіх законах. Пачыналася сяўба і таму шэрагі святкуючых незаўважна моцна радзелі. Дзеці спяшаліся на дапамогу бацькам, якія не выпадкова пачыналі сяўбу карняплодаў менавіта ў гэты дзень.
Пасадка бульбы ў вёсцы, архіўнае фота
Першага мая ў народным календары прысвечана прысвятку Кузьмы, які з надыходам цяпла "падказваў" селяніну, што самы час заняцца агароднымі справамі. У народзе казалі, што ў дзень святога Кузьмы сеюць моркву і буракі.
Беларусы ў большасці сваёй зацятыя агароднікі і вопыт догляду гародніны, парадак чарговасці сяўбы пэўных яе культур перадаваўся ад пакалення ў пакаленне. Каб у верасні ўбачыць як гародніна "спраўляе баль на градках", трэба было ўсё зрабіць як след. Прыступалі да працы ў добрым настроі.
Сеючы карняплоды, стараліся выбраць дзень, калі на небе будзе поўня, бо лічылі, што тады расліны пойдуць не ў траву, а ў корань. Разам з карняплодамі садзілі часнок з цыбуляй, сеялі на расаду капусту і высаджвалі высадкі, каб мець сваё насенне.
Добраму ўраджаю спрыялі і замовы. Мая бабуля прыгаворвала так: "Сею на долю беларускую, армянскую, украінскую, яўрэйскую, польскую, турэцкую, рускую...." Лічылі, чым больш пералічыць народаў свету, тым багацейшы будзе вынік працы. Пры сяўбе некаторых культур здзяйснялі абрады "агароднай магіі". Так, пачынаючы сяўбу, каб палепшыць ураджайнасць, гаспадыня кідала на зямлю, прыхаваныя ад Вялікадня шкарлупкі ад асвечаных у царкве яек, каб засцерагчы расліны ад граду. Адразу пасля велікоднага абеду на грады вытрасалі абрус з крошкамі пірага. Пры пасадцы капусты ў белую хусцінку загортвалі каменчык, каб вырас тугі качан. У першую баразну з бульбай клалі сякеру, каб буйныя бульбіны разгортвалі сабой зямлю ўвосені і іншае.
У гэты дзень на агародзе панаваў святочны настрой: сваякі перакідваліся жартамі, падбадзёрвалі адно аднаго, кпілі з тых, хто спрабаваў лайдачыць, а ўвечары, падчас вячэры, спявалі любімыя песні. Вось і мне ўзгадалася даўняя прыпеўка аб гародніне, у якой падчас застолля танцавалі і рыба з ракам, і пятрушка з пастарнакам, і морква з бурачком, і цыбуля з часначком!

Пастарнак замест бульбы

Пастарнак - апошнім часам не заслужана забытая агародная культура. У звычайнай краме яго не знойдзеш, а сучасныя агароднікі не сеюць пастарнак таму, што не ведаюць наколькі гэта смачная і каштоўная для здароўя чалавека культура.
ДАРЭЧЫ. Лекавыя ўласцівасці расліны прызнаны афіцыйнай медыцынай. Вызначана, што сок пастарнака паляпшае страваварэнне, умацоўвае сценкі капілярных сасудаў, з’яўляецца супрацьзапаленчым, болеспыняючым, ветрагонным, супакойваючым і агульнатанізуючым сродкам, дапамагае пры шырокім спектры лёгачных і скураных захворванняў. Народная медыцына адварам і сырымі карняплодамі пастарнаку лечаць "мужчынскую слабасць", прастату.
Пастарнак багаты на вітаміны (С, групы В, РР і інш) і мінеральны склад, а таксама непаўторны водар, з-за якога яго ацанілі ўжо ў старажытнасці. Дзікарослую расліну, радзімай якой лічаць Еўропу або Сярэднюю Азію, пачалі культывіраваць у канцы ХІІ стагоддзя на Балканах і ў краінах Заходняй Еўропы, а ва Усходняй Еўропе расліну называлі "палявы боршч".
Пакуль на землях сучаснай Беларусі не з’явілася бульба замест яе ўжывалі рэпу, бараболю або тапінамбур і пастарнак. Праўда апошні сялянамі вырошчваўся рэдка, чаго не скажаш пра гаспадаркі пры панскіх фальварках. Аб гэтым сведчаць запісы Ганны Цюндзявіцкай, пакінутыя ёй у гаспадарча-кулінарнай энцыклапедыі "Літоўская гаспадыня".
"Пастарнак, як вясенняя зеляніна. Пастарнак, пасеяны ў тых месцах, дзе восенню не ходзяць парсюкі, пакідаюць на зіму на градах і нічым не накрываюць. Вясной ён будзе лепшы, чым восенню, бо зробіцца салодкім ад марозу".
Пастарнак не выпадкова пастаўлены ў прыпеўцы ў пару да пятрушкі. Абедзве гэтыя расліны водарныя, маюць вонкавае падабенства формы каранёў і аднолькава ўжываюцца ў кулінарыі. Ядуць карняплоды, лісце і сцябло. На смак пастарнак даволі рэзкі, таму часта яго ўжываюць у невялікай колькасці ў спалучэнні з іншай гароднінай. Асабліва пасуе ён да супоў.
Пастарнак сухі для супу
У першай беларускай кулінарнай кнізе "Літоўская кухарка", складзенай Вінцэнтай Завадскай у канцы ХІХ стагоддзя ў раздзеле №4 "Гародніна" знайшоўся патрэбны рэцэпт стравы з пастарнаку. Таксама не лішнім будзе нагадаць і парады аўтаркі ў прыгатаванні самой гародніны: "Гародніну трэба ўжываць у той час, калі яна паспявае. Ад доўгага захоўвання яна губляе смак і якасць. Варыць гародніну трэба ў мяккай вадзе, а калі застаецца цвёрдай, то падчас варкі дадаваць у ваду трохі соды".

Пастарнак

З чаго гатаваць:
0,8-1, 2кг пастарнаку,
1-2 шклянкі булёну,
соль,
3-5 зярнят духмянага перцу,
1 ст лыжка мукі,
1 ст лыжка масла.
Як гатаваць. Зварыць булён з ялавічыны або бараніны без карэння але з соллю і перцам.Чыста абшкрэбаны і прамыты пастарнак парэзаць вялікімі кавалкамі, зварыць да паўгатовасці ў падсоленай вадзе, адцадзіць. Падсмажыць на масле лыжку мукі, дадаць булёну, перамяшаць і гэтым соусам заліць пастарнак. Тушыць да гатовасці. Падаць з мясам з булёну.
Плёну ў агародных справах і смачна есці!