Калі будзе новая хваля каранавіруса, расказалі ў Міністэрстве аховы здароўя

Намеснік міністра падкрэсліў, што ў краіне дастаткова вакцыны для вакцынацыі і рэвакцынацыі ад каранавіруснай інфекцыі.
Sputnik
МІНСК, 18 ліп – Sputnik. Чарговую хвалю каранавіруса ў Беларусі чакаюць восенню, заявіў намеснік міністра аховы здароўя – галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Беларусі Аляксандр Тарасенка ў эфіры тэлеканала ОНТ.
Так, паводле яго слоў, чакаецца рост захворванняў з пачатку верасня. У сувязі з гэтым Міністэрства аховы здароўя рэкамендуе ўсім актыўна рэвакцынавацца.
Намеснік профільнага ведамства зазначыў, што ў краіне працягваецца кампанія па вакцынацыі насельніцтва.
"Можна казаць пра 70%-ую вакцынацыю насельніцтва Беларусі. Гэта ад 12 гадоў і старэй. Вакцыны для вакцынацыі і рэвакцынацыі дастаткова", – запэўніў Тарасенка.
Паводле апошніх звестак Міністэрства аховы здароўя, у краіне больш за 6 480 000 чалавек прышчапіліся адной дозай, а поўны курс з іх прайшлі ўжо больш за 6 395 000 беларусаў.
Больш актыўна вакцынуюцца ў беларускай сталіцы, там, паводле ведамаснай статыстыкі, дзве дозы вакцыны ўкалолі больш за 1,266 мільёна чалавек. За Мінскам ідуць Мінская вобласць (больш за 980,4 тысячы) і Гомельская (больш за 972,9 тысячы). Амаль 900 тысяч цалкам прышчэпленых ужо і на Брэстчыне і амаль 800 тысяч – у Віцебскай вобласці.
Што да Гродзенскай і Магілёўскай абласцей, то поўны курс вакцынацыі ўжо прайшлі больш за 690 тысяч беларусаў у кожным з гэтых двух рэгіёнаў.
Адну дозу вакцыны атрымалі больш за 148,8 тысяч падлеткаў 12-17 гадоў, з іх больш за 143,2 тысячы – прайшлі поўны курс вакцынацыі.
Такім чынам, паводле звестак ведамства, 69,3% насельніцтва Беларусі прышчапіліся адной дозай вакцыны, у вось поўным курсам вакцынацыі ахоплена ўжо 68,4% насельніцтва.
Таксама ў краіне працягваецца бустэрная вакцынацыя насельніцтва, яе ахоп складае пакуль 16%.

Як трэба вакцынавацца?

У канцы чэрвеня Міністэрства аховы здароўя змяніла парадак вакцынацыі і растлумачыла насельніцтву, па якой схеме лепш за ўсё вакцынавацца і рэвакцынавацца. У загадзе пералічваюцца вакцыныя прэпараты, якія даступныя і дазволеныя да выкарыстання ў Беларусі.
Для першаснай вакцынацыі ад каранавіруса падлеткаў ад 12 да 17 гадоў рэкамендавана выкарыстоўваць кітайскую вакцыну ад каранавіруса Sinopharm (Vero Cell)..

Каранавірус у Беларусі

У пачатку ліпеня Міністэрства аховы здароўя ўпершыню за амаль два месяцы паведаміла статыстыку па хворых. Паводле афіцыйных дадзеных, усяго захварэлі – 994 037 чалавек (11 172 з 11 мая), акрыялі – 985 592 чалавек (10 147 з 11 мая), памерлі – 7 118 чалавек (140 з 11 мая).
У ведамстве нагадалі, што ў пачатку мая сітуацыя з каранавірусам настолькі стабілізавалася, што неабходнасці весці штосутачную зводку больш няма. Гэтаму, на думку інфекцыяністаў і эпідэміёлагаў, садзейнічала актыўная вакцынацыя і рэвакцынацыя. Дадзеныя па каранавірусе і надалей будуць абнаўляцца адзін раз у месяц.
Таксама Міністэрства аховы здароўя выказала меркаванне, што інфекцыя на тэрыторыі рэспублікі пяройдзе ў разрад сезонных – як ВРВІ або грып, восенню і зімой. Беларускія інфекцыяністы раней паведамлялі, што новы ўздым захворвання ў краіне чакаюць у жніўні-верасні. Цяпер жа сітуацыю з каранавірусам у рэспубліцы ўрачы называюць спрыяльнай, хаця і не адмаўляюць наяўнасці цяжкіх хворых.
Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашым Telegram-канале. Таксама сачыце за намі ў Яндекс.Навіны і Яндекс.Дзен!