Беларусь адклікала пасла з Вялікабрытаніі

Пры гэтым МЗС Беларусі падкрэслівае, што беларусы, нягледзячы на шэраг недружалюбных крокаў Вялікабрытаніі, усё роўна захоўваюць добрыя кантакты з брытанцамі, што дазваляе "глядзець у будучыню з аптымізмам".
Sputnik
МІНСК, 29 ліп – Sputnik. Беларусь адклікала свайго пасла з Лондана. Пра гэта паведаміў Sputnik афіцыйны прадстаўнік МЗС Беларусі Анатоль Глаз.
"У сувязі з шэрагам недружалюбных крокаў Вялікабрытаніі, сістэмна нацэленых на нанясенне максімальнай шкоды беларускім грамадзянам і юрыдычным асобам, прынята рашэнне аб паніжэнні ўзроўню дыпламатычнага прадстаўніцтва нашай краіны ў Лондане да Часовага паверанага ў справах", - заявіў Глаз.
У МЗС нагадалі аб усіх недружалюбных кроках заходніх краін супраць Беларусі, у тым ліку – ад Вялікабрытаніі: санкцыі ў дачыненні да людзей і эканомікі, абмежаванне працы СМІ, забарона на палёты авіякампаніі "Белавія" і іншыя "незаконныя абмежавальныя меры". Усё гэта не дае магчымасці весці нармальны дыялог, падкрэсліў афіцыйны прадстаўнік міністэрства.
Аднак у ведамстве адзначылі, што адкліканне пасла з Вялікабрытаніі не азначае закрыццё камунікацый з краінай: Беларусь па-ранейшаму выступае за ўзаемапаважаны канструктыўны дыялог.
"Пасля заканчэння сёлетняга ўнутрыпалітычнага шоу і з'яўлення ў брытанскім урадзе адказных палітыкаў, якія будуць працаваць не на свой асабісты рэйтынг, а на карысць народа Вялікабрытаніі і ў інтарэсах стабільнасці ў еўрапейскім рэгіёне, з’явяцца перадумовы да аднаўлення дыялогу і паўнацэннай дыпламатычнай прысутнасці", - дадалі ў МЗС.

Гісторыя з пасламі

Нагадаем, што адносіны з шэрагам краін абвастрыліся ў 2020 годзе пасля прэзідэнцкіх выбараў і наступных акцый пратэстаў у Беларусі. Еўрапейскія краіны не прызналі вынікаў выбараў і асудзілі дзеянні беларускіх улад.
Беларускае знешнепалітычнае ведамства прапанавала скараціць колькасць дыпламатаў у місіях Польшчы і Літвы, а таксама адклікала сваіх прадстаўнікоў у Варшаве і Вільнюсе для кансультацый.
У кастрычніку таго ж года "для кансультацый" з’ехаў польскі пасол Артур Міхальскі – гэтак жа, як і Уладзімір Чушаў. Болей беларускі пасол у Польшчу не вяртаўся, рэспубліку прадстаўляў павераны.
Адклікаць кіраўнікоў дыппрадстаўніцтваў для кансультацый і скараціць колькасць дыпламатаў МЗС Беларусі тады прапанавала таксама Літве, Германіі, Латвіі, Эстоніі, Чэхіі, Славакіі, Балгарыі, Румыніі і некаторым іншым краінам.
Сваіх паслоў з гэтых краін Мінск адклікаў для кансультацый. Як адзначылі ў МЗС, гэта звязана з "адкрыта дэструктыўнай дзейнасцю з боку гэтых краін".
Еўрапейскія краіны адказвалі люстрана, адклікаючы сваіх паслоў у знак нязгоды з палітыкай беларускай дзяржавы.
Нагадаем, што ў красавіку гэтага года Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад МЗС аптымізаваць колькасць пасольстваў за мяжой. Ён адзначыў, што няма неабходнасці трымаць дыпламатаў у тых краінах, якія замарозілі адносіны з Беларуссю і "вядуць супраць нас дэструктыўную дзейнасць".
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь
Чытайце таксама:
МЗС Беларусі заклікае весці размову аб дэсакралізацыі канцэпцыі праў чалавека
Кіраўнік МЗС Брытаніі вылучыла сваю кандыдатуру на пасаду прэм'ера краіны
У МЗС расказалі, ці ёсць масавы ад'езд еўрапейскіх паслоў з Беларусі