Гатуем малімонікі для малімонікаў і няма чаго малімонічаць!

Этнограф Ларыса Мятлеўская расказвае пра мноства значэнняў слова малімонік. А таксама дзеліцца рэцэптамі малімонікаў, якія былі папулярныя ў нашых продкаў.
Sputnik
Значэнне амаль забытага беларускага слова "малімонікі" вельмі пасуе да ліпеня.У лесе поўна малін, а ў садзе красуюцца вішні, агрэст ды парэчкі. Рукі вясковай гаспадыні пахнуць малаком, а ў кошыку красуюцца свежыя яйкі. Самы час песціць дзяцей і ўнукаў, гатуючы для малеч усялякія "малімонікі".
У Беларусі малімонікамі здаўна называлі дэсертныя, лёгкія стравы, якія звычайна гатавалі для дзяцей. Прапаную некалькі традыцыйных рэцэптаў смачных страў, якія будуць да спадобы не толькі дзецям але і дарослым ласунам-малімонікам.

Тады маці дурненькая, калі дзіця маленькае

У беларусаў багатыя традыцыі песціць або, як яшчэ казалі, малімоніць дзяцей. З’яўленне дзіцяці заўсёды ўспрымалася як Божы дар. Нават у шматдзетнай сялянскай сям’і ўсцешна казалі: "Бог дае дзеці, дасць і на дзеці, бо ешчэ таго не бывало, каб паслаўшы на свет дзіцятка, не даў ему долі" (Ч.Пяткевіч. Рэчыцкае Палессе). Сынкоў і дачушак гадавалі і шкадавалі аднолькава, а ў адносінах да дзяцей бацькі не хавалі свае добрыя пачуцці.
Малых дзетак стараліся ўсяляк песціць не толькі ласкавым словам, вырабам прыгожага адзення, аздобленага тканымі і вышыванымі ўзорамі, майстраваннем цацак і зручнай дзіцячай мэблі, але і гатаваннем для іх смачных страў.

Мы не малімонныя людзі. Што даюць, ямо!

Амаль забытае беларускае слова "малімонікі" мае некалькі значэнняў. Вось як яно мянялася ў гутарцы ў залежнасці ад сэнса. Жывая народная мова поўная таму яскравых прыкладаў:
"Матка мяне не малімоніла (песціла), не змалімоніла. Я змалку да ўсяго прывык. Казала: "Няма чаго малімоніцца, ты ўжо вялікі, пара брацца за работу"!
Звяртаючыся да маленькага ласуна казалі: "Які ты малімонік! Хлеба аднаго ня хочаш есці. Малімонічак наш панічок, смятанку любіць"!
Калі ж дзіця фанабэрылася, перабіраючы ў страве, то такія паводзіны маці хутка спыняла: "Памалімонішся, ня будзеш есці ды пасля скулу з’ясі! Калі малімонічаеш, то значыць не галодны".
На запрашэнне да стала госці адказвалі: "Мы не малімонныя людзі. Што даюць, ямо"!

Гатуем малімонікі

Ванільныя сняжкі
З чаго гатаваць.
вяршковае масла 250 г
100-150 г цукровай пудры
ванілін або стручок ванілі
пшанічная мука і крухмал пароўну
Як гатаваць. Масла расцерці з большай часткай цукровай пудры і ванілінам. Муку перамяшаць з крухмалам і паступова дадаваць у масла, каб атрымалася мяккае, далікатнае цеста. Скачаць з цеста каўбаскі па 3 см, пакласці іх на 30 хвілін у халадзільнік. Нарэзаць каўбаскі кружочкамі, каб яны сталі падобныя на невялікія калабочкі. Нагрэць духоўку да 180 градусаў і выкласці нарэзанае цеста на бляху. Выпякаць 10-12 хвілін. Астудзіць печыва і
густа абсыпаць яго цукровай пудрай.
Важнае месца ў харчаванні дзяцей займала малако, з якога выраблялі прадукты, патрэбныя для дзіцячага харчавання: масла, смятану, тварог, сыроватку. Яйкі самі па сабе малімонікі. Таму ў старадаўніх стравах іх заўсёды было шмат.
Пудынг з сыру або тварагу (Вінцэнта Завадская. "Літоўская кухарка")
З чаго гатаваць.
0,75 л тварагу
8 яек
2 ст лыжкі смятаны
1 ст лыжка масла
1 ст лыжка мукі
2 ст лыжкі цукру
1,5 шклянкі дробных разынак
топленае масла
Як гатаваць. Тры шклянкі свежага тварагу або сыру моцна адціснуць у сурвэтцы і расціраць у макотры* або іншым глыбокім посудзе, дадаючы па адным 8 яек. Дадаць смятану, лыжку масла і расціраць да пульхнасці. Калі маса занадта рэдкая, усыпаць крыху мукі, дадаць цукар, разынкі без костачак, добра вымешаць, укласці ў форму і гатаваць на пары. Падаць, абліўшы маслам.
Порцыя на 10 асоб.
*Макотра – керамічны кухонны посуд для перацірання чаго-небудзь, напрыклад насення маку.
Керамічны посуд макорта
Дэсерт з бульбы
З чаго гатаваць
бульба 10 шт
300г масла
4 яйкі
4 жаўткі
2 ст лыжкі цукру
Як гатаваць. Зварыць 10 вялікіх бульбін, абабраць, расцерці з маслам, дадаць па адным 4 яйкі і 4 жаўткі. Дадаць цукар, пену з рэшты бялкоў і запячы ў форме ў духоўцы пры тэмпературы 180 градусаў.
Порцыя на 8 асоб.
Смачна есці!