МІНСК, 11 вер – Sputnik. Тысяча ўрачоў з Беларусі і тысяча – з Украіны пераехалі за апошні год у Польшчу, пра гэта паведаміў кіраўнік Міністэрства аховы здароўя краіны Адам Нядзельскі.
Цяпер у Польшчы дзейнічае спрошчаная сістэма для працаўладкавання медыкаў з-за мяжы – такія інструменты функцыянуюць больш за год. Цяпер у краіне працуюць больш за дзве тысячы ўрачоў з іншых краін, у асноўным з Беларусі і Украіны.
"Палова з гэтых дзвюх тысяч – гэта ўрачы з Украіны. А другая палова – гэта ўрачы з Беларусі. Іншыя нацыі тут прысутнічаюць не так моцна", - заявіў міністр аховы здароўя Адам Нядзельскі падчас прэс-канферэнцыі, трансляцыю якой вяло Польскае тэлебачанне.
Спрошчаны парадак працаўладкавання замежных медыкаў і выдачы ім ліцэнзіі дзейнічае ў Польшчы з 2021 года – для беларускіх і ўкраінскіх урачоў. Калі раней лекары павінны былі пацвердзіць свой дыплом, атрымаць постдыпломны стаж і здаць іспыт па прафесіі і польскай мове, то зараз ліцэнзія выдаецца ў спрошчаным парадку: урач можа працаваць па спецыяльнасці пяць гадоў і за гэты час здае неабходныя экзамены.
Недахоп медыцынскіх кадраў у Беларусі
Штогод у топ самых запатрабаваных спецыялістаў пападаюць урачы і медсёстры. Але ў апошні час усё часцей сталі казаць аб адтоку кваліфікаваных медыцынскіх кадраў за мяжу. Наколькі праблема сур’ёзная, афіцыйна не каменціруецца.
Аднак у мінулым годзе на недахоп медыцынскіх кадраў звярнуў увагу прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка: прагучаў нават новы тэрмін адпрацоўкі па размеркаванні – аж да 10 гадоў.
У красавіку 2022 года міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч пацвердзіў, што адток кадраў за мяжу ёсць: прыкладна 200-250 чалавек за год. Але такія тэндэнцыі, паводле яго слоў, адзначаліся яшчэ і "да нейкіх там пандэмічных і палітычных сітуацый".
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь
Чытайце таксама:
Лукашэнка раскрыў, у чыіх руках "найважнейшы рэсурс краіны"
Міністэрства аховы здароўя: медыкам у Беларусі паднімуць заробак
Украінскія медыкі змогуць без праблем працаўладкавацца ў Беларусі