МІНСК, 3 ліс – Sputnik. Калі б Беларусь мела такія магчымасці ў сельскай гаспадарцы, як у Растоўскай вобласці, краіна была б "у шакаладзе", заявіў прэзідэнт рэспублікі Аляксандр Лукашэнка, сустракаючыся ў чацвер з губернатарам гэтага расійскага рэгіёна Васілём Голубевым, перадае карэспандэнт Sputnik.
Ён падкрэсліў, што Растоўская вобласць – гэта "добры кусок" у Расіі для забеспячэння харчовай бяспекі. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што сёння ёсць добрыя рэзервы ў паглыбленні ўзаемадзеяння ў сферы аграрна-прамысловага комплексу.
"Беларускі бок гатоў падзяліцца любым назапашаным вопытам, ён у нас ёсць. Калі б мелі такія магчымасці ў сельскай гаспадарцы, як у Растоўскай вобласці, мы ўвогуле ў шакаладзе былі б. Але Гасподзь нам не даў такіх магчымасцей", - сказаў Лукашэнка.
Прэзідэнт не выключыў, што хутка беларускія аграрыі пяройдуць да такой жа схемы вырошчвання, як у растоўскіх калег.
"Тым не менш, прыстасоўваючыся да той сітуацыі, якая ў нас складваецца – клімат мяняецца – я не выключаю, што хутка мы прыйдзем да такой жа схемы вырошчвання сельскагаспадарчай прадукцыі, як у вас у Растоўскай вобласці. І ваш вопыт нам патрэбны і карысны", - канстатаваў ён.
"Дарожная карта" двухбаковых адносін
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што растоўскі губернатар Васіль Голубеў апошні раз прыязджаў у Беларусь у 2017 годзе. Тады была вызначана "дарожная карта" адносін паміж рэспублікай і гэтым паўднёвым рэгіёнам РФ.
"Яшчэ раз падкрэсліць хачу: вам там няпроста. У сувязі з канфліктам ва Украіне, вы знаходзіцеся на перадавой, мы гэта адчуваем, мы гэта дакладна добра ведаем. Таму я жадаю вам мужнасці і стойкасці ў пераадоленні тых праблем, якія дадаткова на вашу галаву, на вашы плечы ўпалі", - асобна адзначыў беларускі лідар.
Паводле яго слоў, за мінулыя пяць гадоў сітуацыя змянілася, хаця змены закранулі "толькі знешнія фактары, але ніяк не адносін паміж нашымі брацкімі народамі".
Імпартазамяшчэнне і кааперацыя
Прэзідэнт заявіў, што галоўнымі інструментамі ў супрацоўніцтве ў гэты няпросты час сталі імпартазамяшчэнне і вытворчая кааперацыя.
"Цяпер гэта важна, як ніколі. Аб гэтым мы часта, сустракаючыся з прэзідэнтам Расіі, гаворым: ні адна сустрэча не праходзіць без абмеркавання пытанняў кааперацыі і імпартазамяшчэння", - падкрэсліў ён.
Што да тавараабароту, то Беларусь і Растоўская вобласць нагандлявалі ў студзені – жніўні гэтага года на 426 млн долараў. Пры гэтым айчынны экспарт склаў 263,4 млн долараў, яго аснова – тэлевізары, маніторы, праектары, электрычныя трансфарматары, сінтэтычныя валокны і іншыя тавары. У 2021-м паказчык узаемнага гандлю быў рэкордным – амаль 600 млн долараў.
"Вядома, гэта нядрэнны паказчык, але ёсць над чым працаваць, ёсць да чаго імкнуцца. Сёння, як ні дзіўна, вялікай падмогай у нашай рабоце стала не ўзаемадапаўняльнасць, пра якую мы пастаянна гаворым, а якраз падабенства падыходаў да развіцця народнай гаспадаркі ў Беларусі і на Доне", - сказаў Лукашэнка.
Што нам дзяліць?
Беларускі лідар таксама нагадаў, як пасля лютага гэтага года "Ростсельмаш" адчуў на сабе ўсю цяжкасць заходніх санкцый, а гомельскія вытворцы сельскагаспадарчай тэхнікі падставілі плячо, падтрымаўшы растоўскую вытворчасць неабходным агрэгатамі і камплектуючымі.
"Калі мне далажылі пра гэта, я адназначна выказаўся за тое, каб "Гомсельмаш" на ўсё, што ён здольны, аказаў падтрымку "Ростсельмашу". Што нам дзяліць? У нас вялізны рынак. Дай Бог, каб два прадпрыемствы выканалі заказы спажыўцоў. Попыт вялікі на сельскагаспадарчую тэхніку, на камбайны ў тым ліку. Таму хопіць працы ўсім", - абазначыў прэзідэнт.
Беларусь не кіне
Кіраўнік дзяржавы дадаў, што рэспубліка можа забяспечваць Растоўскую вобласць самай сучаснай аўтамабільнай, сельскагаспадарчай, дарожна-будаўнічай і камунальнай тэхнікай. Гатова краіна працаваць з растоўскімі калегамі і па пасажырскім транспарце.
"Хачу адзначыць асабліва, што, набываючы нашу тэхніку, вы можаце быць упэўнены, што сёння, заўтра, праз год будзе ажыццяўляцца яе сэрвіснае абслугоўванне. Ну і я думаю, вы абсалютна ў гэтым перакананы, што мы ніколі не кінем, як гэта зрабілі нашы заходнія партнёры. Кінулі і сышлі – мы ніколі так не зробім", - падсумаваў Лукашэнка.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь
Чытайце таксама:
Беларусь і Башкартастан падпісалі пагадненняў на 1,7 млрд рублёў
Тавараабарот Беларусі і Піцера ў 2022-м можа дасягнуць 2 млрд долараў
Для патрэб Мінска могуць пабудаваць марскі тэрмінал – улады Мурманскай вобласці
У новым светаўладкаванні ўлічаць вопыт Саюзнай дзяржавы – эксперты
Мезенцаў: Беларусь і РФ адкажуць на санкцыі паглыбленнем інтэграцыі ў космасе