МІНСК, 15 ліс – Sputnik. Беларусь вельмі актыўна папрацавала з Чэлябінскай вобласцю ў гэтым годзе, заявіў прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з губернатарам расійскага рэгіёна Аляксеем Тэкслерам, перадае карэспандэнт Sputnik.
Нагадаем, губернатар здзяйсняе трохдзённы візіт у Беларусь разам з афіцыйнай дэлегацыяй.
"Сёння ў нас унікальная магчымасць падвесці вынікі пройдзенага – што мы зрабілі. І, зразумела, на будучы вельмі няпросты год намеціць, як мы будзем будаваць нашы адносіны", - абазначыў кіраўнік дзяржавы.
Развіты гандаль
Лукашэнка прызнаўся, што здзівіўся той моцы, якую мае Чэлябінская вобласць, і адзначыў, што гэты ўральскі рэгіён з’яўляецца добрым пацвярджэннем эфектыўнасці прынятай Беларуссю і РФ стратэгіі саюзнага будаўніцтва.
"Мы прыкладна паўмільярда долараў у мінулым годзе нагандлявалі з вобласцю. Я думаю, у гэтым годзе павінна быць больш, таму што – што там граху таіць – нехта пайшоў, мы занялі пэўныя нішы ў Расійскай Федэрацыі", - падкрэсліў ён.
У гэтым годзе краіна і паўднёваўральскі рэгіён істотна нарасцілі гандаль. Тавараабарот за тры кварталы гэтага года дасягнуў 380,9 мільёна долараў. Пры гэтым рэспубліка экспартавала на суму 97,1 млн долараў – амаль на 40% больш, чым за студзень-верасень 2021-га.
Беларусь паставіла і працягвае пастаўляць у Чэлябінскую вобласць запчасткі і камплектуючыя для аўтамабіляў і трактароў, сыры, тварог, цукар, наканечнікі з металакерамікі, аўтамабілі спецпрызначэння і іншыя тавары. У той жа час скараціліся пастаўкі халадзільнікаў, маразільнікаў і халадзільнага абсталявання (на 1,9 млн долараў), грузавых аўтамабіляў (на 1,3 млн долараў), машын і прылад для пад’ёму, перасоўвання, пагрузкі ці разгрузкі (таксама на 1,3 млн долараў).
У краіну таксама імпартаваліся розныя віды металу, мінеральная сыравіна і камплектуючыя.
Неабмежаваныя магчымасці
Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што ў гэтым дастаткова няпростым годзе рэспубліка і расійскія рэгіёны вельмі шмат працавалі над сумеснымі праектамі. Гэта датычыцца таксама пытанняў імпартазамяшчэння. Беларускі лідар прапанаваў нарошчваць кааперацыю ў пэўных галінах.
"Як мяне інфармуюць, у вашай вобласці вельмі паспяхова праводзяцца эканамічныя рэформы, якія патрабуюць, зразумела, тэхнічнага перааснашчэння. Вы ведаеце, што наша Беларусь – гэта не толькі машынабудаўнічая краіна, але і станкабудаванне добра развіта. Тут мы можам разам з вамі папрацаваць. Штосьці мы можам вам паставіць ужо з таго, што мы ўмеем рабіць", - растлумачыў беларускі лідар.
Ён канстатаваў, што айчынныя прамысловыя брэнды добра вядомы ў Расіі. Паводле яго слоў, сваю дзейнасць на вялізным рынку Расіі яны будуць пашыраць і далей.
Аляксандр Лукашэнка таксама падкрэсліў, што сёння на першы план выйшла тэма імпартазамяшчэння – аб гэтым шмат гавораць "на самым высокім узроўні і ў нас, і ў вас".
"Задача цяжкая, але ад вынікаў яе рашэння будзе шмат у чым залежаць будучыня абедзвюх краін. Але мы ўжо сёння бачым (вынікі) інтэнсіўнай працы па імпартазамяшчэнні, што мы вырашым гэтую праблему. Не можа такога быць, што мы не вырашым. Мы абавязкова справімся, перадумоў у нас дастаткова", - выказаў упэўненасць кіраўнік дзяржавы.
Ён таксама звярнуў увагу на тое, што ўсё часцей беларускія кампаніі поўнасцю пераходзяць на расійскую і айчынную сыравіну і камплектуючыя.
"Як мне дакладваюць, што толькі экспарт рухавікоў Мінскага маторнага завода ў Чэлябінскую вобласць за 9 месяцаў у гэтым годзе вырас у 4,5 раза", - дадаў прэзідэнт Беларусі.
Лукашэнка яшчэ раз выказаў упэўненасць у тым, што магчымасці дзвюх краін нічым не абмежаваны. Беларусь заўсёды гатова падзяліцца вопытам у АПК, будаўніцтве, медыцыне, навуцы, гуманітарнай і іншых сферах.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь
Чытайце таксама:
Фотавыстава, прысвечаная Чэлябінскай вобласці, адкрылася ў Мінску
Для патрэб Мінска могуць пабудаваць марскі тэрмінал – улады Мурманскай вобласці
Беларусь плануе стварыць з Расіяй адзіны рынак электраэнергіі з 2024 года
Мезенцаў расказаў, ці павялічыцца фінансаванне гуманітарных праграм СД