У Беларусі з 1 студзеня вырасце "мінімалка"

Кіраўнік беларускага ўрада адзначыў, што важнейшым мэтавым прыярытэтам на 2023 год застаецца рост дабрабыту насельніцтва.
Sputnik
МІНСК, 30 ліс – Sputnik. Урад у бліжэйшы час прыме рашэнне аб павышэнні мінімальнай заработнай платы, паведаміў прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка, выступаючы ў Авальнай зале.
У парламенце сёння праходзіць нулявое чытанне бюджэтных дакументаў.
"З пачатку года ў сукупнасці на 15,6 працэнта павышана і праіндэксавана месячная мінімальная заработная плата, а з 1 студзеня 2023 года яе памер будзе дадаткова павышаны на 14,7 працэнта і складзе 554 рублі", - паведаміў Галоўчанка.
Паводле яго слоў, такое рашэнне ўрад прыме ў бліжэйшы час. Галоўчанка падкрэсліў, што важнейшым мэтавым прыярытэтам на 2023 год застаецца рост дабрабыту насельніцтва.
"Пры росце прадукцыйнасці працы да 104,7 працэнта рост рэальнай заработнай платы прагназуецца на ўзроўні 104,6 працэнта", - сказаў прэм'ер-міністр.

Пра пенсіі

Прэм'ер-міністр таксама закрануў тэму пенсій. Паводле яго слоў, у мэтах падтрымання ўзроўню пенсіённага забеспячэння праведзены пераразлікі працоўных пенсій: з 1 сакавіка 2022 г. - на 7 працэнтаў, з 1 жніўня - на 10 працэнтаў.
"З 1 снежня працоўныя пенсіі павысяцца трэці раз на 5 працэнтаў", - сказаў прэм'ер.
Паводле яго слоў, усе сацыяльныя выплаты, пенсіі і заработная плата бюджэтнікаў выплачваюцца своечасова і ў поўным аб'ёме.
"Але гэтыя вынікі не азначаюць, што ў эканоміцы і фінансавым сектары сёння няма праблем. Яны ёсць. Урад і кіраўнікі на месцах штодзень займаюцца іх вырашэннем" - сказаў Галоўчанка.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін - падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь.