Намеснік мэра Мінска: не трэба выкараняць ІП

Улады праводзяць серыю сустрэч па падатках для ІП і выразна заяўляюць, што адмяняць новаўвядзенні ніхто не збіраецца.
Sputnik
МІНСК, 31 сту – Sputnik. Улады Мінска правялі ўжо больш за дзесяць семінараў для індывідуальных прадпрымальнікаў па падатковых навінах, паведаміла журналістам намеснік старшыні Мінгарвыканкама Надзея Лазаравіч, перадае Sputnik.
У аўторак у Мінгарвыканкаме адбыўся чарговы семінар па падатках для ІП з удзелам намесніка міністра па падатках і зборах Ігара Скрыннікава. На яго запісалася больш за 270 чалавек, але прыйшлі толькі каля 100 ІП.
"Я не лічу, што трэба поўнасцю выкараняць індывідуальных прадпрымальнікаў", – у прыватнасці адзначыла Лазарэвіч.
Паводле яе слоў, задача – растлумачыць прадпрымальнікам заканадаўства. Лазарэвіч упэўнена, што ўлада знойдзе агульную мову з бізнесам. Яна адзначыла, што адмяняць падатковыя новаўвядзенні ніхто не збіраецца.

Навошта змянілі падаткі

Як заявіў на семінары намеснік кіраўніка падатковага ведамства, адна з прычын падатковых навін – улік "запыту арганізаванага бізнесу". Паводле яго слоў, у некаторых сферах канкурэнты праз ІП мелі больш выгадныя ўмовы. Таксама ўжо дастаткова шмат гадоў бюджэт не атрымліваў такой аддачы ад ІП, як ад карпаратыўнага сектара.
Скрыннікаў дадаў, што аналіз паступленняў ад ІП, якія працуюць у найбольш буйных гандлёвых цэнтрах, паказаў наступнае: часта сярэднестатыстычная фізічная асоба плаціла падаходны падатак у паўтара раза больш, чым ІП з такіх цэнтраў. Такая карціна была некалькі гадоў да 2022 года.
Намеснік міністра таксама адзначыў, што адна з прычын – утойванне часткі выручкі і адсутнасць дакументаў на тавар у некаторых прадпрымальнікаў.
"Многія хочуць трымаць грошы менавіта ў наяўных, а не на рахунку ў банку", – падкрэсліў Скрыннікаў.

Сутнасць змен

Новая сістэма падаткаабкладання пачала дзейнічаць у Беларусі з 1 студзеня 2023 года. Адзіны падатак, які плацяць ІП і самазанятыя, павялічылі. Шэраг падвышаных ставак (у 1,5-2 разы) дзейнічае з 1 лютага.
Зборы павялічылі на ўсе 37 відаў дзейнасці, па якіх можна плаціць адзіны падатак. Напрыклад, відэаграфам і фатографам, якія працуюць у Мінску, цяпер давядзецца плаціць штомесяц па 526 рублёў (у 2022-м – 263, у 2021-м – 129) і 490 рублёў адпаведна (у 2022-м – 245, годам раней – 120).
Таксама дададзены новы падатак на прафдаход. Яго могуць плаціць фізічныя асобы без афармлення ІП, але абавязкова запампаваўшы на тэлефон спецыяльны дадатак. Праз яго разлічваецца, колькі плацельшчык павінен казне. Праз праграму трэба праводзіць кожную здзелку з кліентамі.
10% ад штомесячнага даходу плацяць тыя, чый даход за каляндарны год не перавысіў 60 тысяч рублёў. Усё, што звыш гэтай сумы – па стаўцы 20%. Уключаны ў падатак на прафесійны даход і абавязковыя страхавыя ўзносы ў ФСАН.

Статыстыка

На пачатак года ў Мінску працавалі каля 74,5 тысячы ІП. З іх 24,5 працэнта займаюцца гандлем; 17,8% – прафесійная, навуковая і тэхнічная дзейнасць; 12,2% – кур'еры і транспартныя паслугі; 9,2% – інфармацыя і сувязь; 7,3% – будаўніцтва.
Па дадзеных на 1 студзеня, ад сталічных ІП бюджэт атрымаў 374,5 мільёна рублёў (2,1% ад усіх паступленняў).
Самазанятых у Мінску ў некалькі разоў менш – каля 9,5 тысячы. На першым месцы сярод іх рэпетытары – 30,6%, на другім – цырульні і касметычныя паслугі (20,4%), трэцяя пазіцыя – продаж жывапісу, дэкаратыўных раслін, насення (7,9%). За год у бюджэт горада ад іх паступіла 6,5 мільёна рублёў.
Рамеснікаў амаль 12,8 тысячы, яны заплацілі збораў на 975,9 тысяч рублёў.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся наTelegram-канал Sputnik Беларусь!