МІНСК, 12 лют – Sputnik. Цяпер каля 95 тысяч беларусаў захапляюцца паляваннем, паведаміла прэс-служба міністэрства лясной гаспадаркі краіны ў афіцыйным Telegram-канале.
"На 1 студзеня колькасць паляўнічых у краіне склала 94 600 чалавек. Пры гэтым каля паловы з іх штогод аплачваюць дзяржаўную пошліну", - гаворыцца ў паведамленні профільнага ведамства.
У прэс-службе Мінлясгаса таксама расказалі, што рады паляўнічых усё больш упэўнена папаўняюць дзяўчаты. Так, 1,2 тысячы прадстаўніц прыгожага полу ўжо таксама маюць дзяржаўнае пасведчанне на права палявання.
Як адзначылі ў міністэрстве, штогод больш за 1,5 тысячы новых паляўнічых атрымліваюць у Беларусі дзяржаўнае пасведчанне на права палявання.
Няшчасныя выпадкі на паляванні
У канцы мінулага года пачасціліся няшчасныя выпадкі на паляванні.
Так, у канцы лістапада ў бальніцу з агнястрэльным раненнем быў дастаўлены 61-гадовы мужчына. Як аказалася, раненне ён атрымаў падчас загоннага палявання на капытных у Маладзечанскім раёне. Калі лось перасякаў стралковую лінію, 54-гадовы мужчына стрэліў з ружжа, аднак куля трапіла ў іншага паляўнічага. Урачам не ўдалося выратаваць пацярпелага, ён памёр ад масіўнай крывастраты.
Да гэтага іншы мужчына па выпадковасці загінуў падчас палявання ў Гомельскім раёне. Сіротамі засталіся двое малалетніх дзяцей.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь